Сваімі дзеяньнямі Ізраіль «перайшоў чырвоныя лініі», якія могуць «прымусіць усіх да дзеяньня». З такой заявай выступіў прэзыдэнт Ірану Эбрагім Раісі.
«Злачынствы сыянісцкага рэжыму перайшлі чырвоныя лініі, якія могуць прымусіць любога прыняць захады. Вашынгтон просіць нас нічога не рабіць, але самі аказвае Ізраілю маштабную падтрымку. ЗША накіравалі паведамленьне „Восі супраціву“, але атрымалі выразны адказ на полі бою», — напісаў Раісі ў сацыяльнай сетцы X.
«Вось супраціву» — сілы на Блізкім Усходзе, якія падтрымліваюцца Іранам, у тым ліку ХАМАС.
Напярэдадні, 28 кастрычніка, прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу абвясьціў, што з увядзеньнем новых сухапутных войскаў у сектар Газа пачаўся другі этап вайны супраць ісламісцкай групоўкі ХАМАС, што заклікае зьнішчыць дзяржаву Ізраіль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маск дазволіў выкарыстоўваць Starlink у Газе. У Ізраілі гавораць аб разрыве адносін са Space XІзраіль пашырае маштаб наземнай апэрацыі
Армія абароны Ізраілю раніцай у нядзелю, 29 кастрычніка, заявіла, што працягвае пашыраць баявыя апэрацыі ў сэктары Газа. Паведамляецца аб баявых сутыкненьнях з атрадамі групоўкі ХАМАС на поўначы сэктару. Былі параненыя двое ізраільскіх вайскоўцаў.
За мінулыя суткі ЦАХАЛ нанёс авіяўдары па больш чым 450 цэлях ХАМАСу ў Газе. Таксама паведамляецца, што ў сэктар накіравалі дадаткова сотні салдат і дзясяткі адзінак баявой тэхнікі.
Пра «пашырэньне» апэрацыі ўлады Ізраілю паведамілі ў пятніцу, 27 кастрычніка. Пры гэтым па-ранейшаму незразумела, які маштаб наземнай апэрацыі ў Газе, піша Reuters.
Пакуль не паступала паведамленьняў аб тым, што ізраільскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль які-небудзь жылы раён у сэктары, якім кіруе ХАМАС. Пры гэтым відэа сьведчаць аб тым, што ізраільскія вайскоўцы ўвайшлі ў паўночную частку сэктара Газу і вывесілі там ізраільскі сьцяг.
Міністар аховы здароўя Газы паведаміў ранкам у нядзелю, што колькасьць ахвяр ізраільскіх удараў па сэктары Газа вырасла да 8005 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль назваў «ганебнай» прынятую Генасамблеяй ААН рэзалюцыю аб перамір’і ў сэктары ГазаВайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.