Украіна таксама разьмясьціла на мяжы зь Беларусьсю «зубы цмока»

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла, што ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю не спыняецца. Пры гэтым перасоўваньня беларускіх вайскоўцаў і тэхнікі на мяжы не фіксуюць.

«Нашыя вайскоўцы, інжынэрныя групы памежнага ведамства ствараюць укрыцьці для асабістага складу і тэхнікі, назіральныя і агнявыя збудаваньні, барыкады і перашкоды для транспарту на ўсіх магчымых небясьпечных напрамках па ўсёй лініі мяжы зь Беларусьсю», — гаворыцца ў паведамленьні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Як вынікае зь відэа ўкраінскай памежнай службы, на мяжы зь Беларусьсю таксама зьявіліся супрацьтанкавыя ўмацаваньні — так званыя «зубы цмока». У траўні «зубы цмока» ўсталявалі ў Беларусі, за 20 кілямэтраў ад мяжы з Украінай і за 10 кілямэтраў ад Гомля каля вёскі Калініна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зубы цмока» і іншыя ўмацаваньні пад Гомлем расьцягнуліся на два кілямэтры. Фота са спадарожніка

Таксама там будуюць сыстэму кругласутачнага відэаназіраньня для кантролю за сытуацыяй на зямлі і ў паветры.

Пры гэтым прэс-сакратар украінскай памежнай службы Андрэй Дземчанка канстатаваў, што на беларускім баку не фіксуецца перасоўваньня вайскоўцаў і тэхнікі, а таксама выведнай дзейнасьці.

Аднак Украіна працягвае ўмацоўваць мяжу зь Беларусьсю.

«Гэта сотні кілямэтраў равоў, сотні кілямэтраў агароджы, гэта іншыя перашкоды, якія ўсталёўваюць у тым ліку ў прымежных раёнах. Гэта сотні агнявых пазыцый, што ўключаюць у сябе бліндажы і акопы, каб памежнікі мелі магчымасьць супрацьстаяць любому ўварваньню, калі яно паўторыцца. Інжынэрнае ўмацаваньне непасрэдна на лініі мяжы зьяўляецца перашкодаю, якая можа часова стрымаць праціўніка ў выпадку спробы выкарыстоўваць гэты кірунак», — адзначыў Дземчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заявілі, што Беларусь узмацніла сваю мяжу сродкамі радыёэлектроннай барацьбы
  • Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволілі з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна паставіла больш назіральных пастоў на мяжы зь Беларусьсю і працягвае заміноўваць памежжа