Ксяндза з Навалукомля аштрафавалі за «экстрэмізм» і «несанкцыянаванае пікетаваньне»

Ксёндз Мікалай Ліпскі, фота з тэлеграм-каналу «Хрысьціянская візія»

Стала вядома, што сілавікі затрымалі ксяндза Мікалая Ліпскага, які служыць у касьцёле Сьвятой Марыі Магдалены ў Навалукомлі Чашніцкага раёну. Яго ўжо асудзілі.

Ксяндза Мікалая Ліпскага ўтрымлівалі ў ізалятары два дні да суда, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».

Судзьдзя Смірнова А. С. прызнала яго вінаватым па двух артыкулах: «несанкцыянаванае пікетаваньне » (ч.1 24.23 КаАП) і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 19.11 КаАП РБ) і прызначыла яму штраф у 1850 рублёў. Таксама ў яго канфіскавалі тэлефон.

Абставіны справы невядомыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчаюць цэрквы, даносяць у прыходах, кідаюць за краты. Як у Беларусі ціснуць на сьвятароў

Рэпрэсіі супраць рэлігійных прадстаўнікоў у Беларусі

  • Вядома пра некалькі дзясяткаў сьвятароў і пастараў сярод каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў, якіх затрымлівалі пасьля пратэстаў 2020 году. Толькі за 2022 год іх было ня менш за 24. На некалькі чалавек завялі крымінальныя справы.
  • Як расказаў Свабодзе айцец Георгі Рой, шмат хто з праваслаўных сьвятароў прайшоў праз прафіляктычныя гутаркі перад кіраўніцтвам БПЦ (япіскапам або сакратаром япіскапа) або перад чыноўнікамі ў справах рэлігіі. Выклікаюць тых, хто крытыкаваў улады Беларусі, пісаў сваю думку ў інтэрнэце, выказваўся ў падтрымку Ўкраіны ў вайне.
  • Празь перасьлед зь Беларусі ў Польшчу выехалі вядомы каталіцкі сьвятар і блогер ксёндз Вячаслаў Барок з Расонаў, ксёндз Дзьмітры Прыступа з Ляхавічаў, ксёндз Андрэй Вашчук зь Віцебску, які правёў месяц на «сутках» у 2022 годзе.
  • Увосень 2022 году закрылі для любых наведваньняў Чырвоны касьцёл у Менску, ня толькі адзін з галоўных цэнтраў каталіцкага жыцьця, але і візытоўку гораду для турыстаў. Прычынай улады назвалі начны пажар у будынку. Нядаўна ў Менгарвыканкаме сказалі, што працы ў будынку пачнуцца толькі ў першым квартале 2024 году, і «пасьля іх завяршэньня будзе прынятае рашэньне аб аднаўленьні дзейнасьці касьцёла».
  • Сёлета 20 чэрвеня экскаватарамі разбурылі будынак пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» ў Менску. Менскі суд ліквідаваў рэлігійную грамаду хрысьціянаў поўнага эвангельля «Новае жыцьцё», а інфармацыйную прадукцыю царквы прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
  • Летась улады закрылі школу ў каталіцкім Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску.
  • Улады Беларусі зьнішчалі крыжы ў менскіх Курапатах, месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў у 1930-х гадах. Дагэтуль рэгулярна хтосьці псуе там крыжы, а вінаватых не знаходзяць. Акты вандалізму рабіліся і ў дачыненьні да крыжоў і стэндаў у «віцебскіх Курапатах», у вёсцы Хайсы. Праваахоўныя органы таксама не знайшлі вінаватых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне ўжо была алергія на слова „духоўнасьць“». Вялікая гутарка са сьвятаром Георгіем Роем