Ізраіль правёў танкавы рэйд на поўначы Газы

Ізраільская вайсковая тэхніка каля Газы

Абяцаная поўнамаштабная апэрацыя ЦАХАЛ пакуль адкладаецца, але працягвае рыхтавацца.

Ізраільскія танкі прынялі ўдзел у «мэтанакіраваным рэйдзе» ноччу на поўначы Газы, гаворыцца ў заяве Арміі абароны Ізраілю ў чацьвер. Яна працягвае рыхтаваць свае сілы да наземнага ўварваньня.

«Уначы Армія абароны Ізраілю правяла мэтанакіраваны рэйд з выкарыстаньнем танкаў на поўначы сэктару Газа ў рамках падрыхтоўкі да наступных этапаў баявых дзеяньняў», — заявілі ў ЦАХАЛ.

«Салдаты пакінулі зону ў канцы дзеяньняў», — дадалі вайскоўцы, якіх цытуе AFP.

Па словах ізраільскіх вайскоўцаў, падчас начнога рэйду «салдаты выявілі і нанесьлі ўдары па шматлікіх тэрарыстах, тэрарыстычнай інфраструктуры і пускавым пунктам супрацьтанкавых ракет, а таксама падрыхтавалі поле бою».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна Ізраіль — ХАМАС: кіраўнік Пэнтагону сказаў, у якім выпадку ЗША гатовыя дзейнічаць. Ізраільскі танк выпадкова абстраляў эгіпецкі пост

Вайсковы прадстаўнік пацьвердзіў агенцтву AFP, што гэта ня першы раз, калі ізраільскія салдаты і танкі ўвайшлі ў Газу для абмежаваных уварваньняў з 7 кастрычніка.

Увечары 25 кастрычніка прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што разам з кампаніяй цяжкіх бамбаваньняў Газы, якую кантралюе ХАМАС, войска рыхтуецца да наземнага наступу.

7 кастрычніка баевікі ХАМАС з тэрыторыі Газы напалі на Ізраіль, забіўшы 1400 чалавек, у асноўным мірных жыхароў, і выкраўшы яшчэ 222, паводле ізраільскіх афіцыйных асоб. Больш за 6500 жыхароў Газы загінулі ў выніку паветранага нападу Ізраілю, паводле зьвестак, апублікаваных падкантрольным ХАМАС міністэрствам аховы здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кім сябруе Беларусь на Блізкім Усходзе? Інфаграфіка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Бясьпекі ААН адхіліла і расейскі, і амэрыканскі праекты рэзалюцый аб сытуацыі ў Ізраілі і Газе

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.