Падзеі 26 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
26 кастрычніка 1959 году нарадзіўся Анатоль Сыс, беларускі паэт. Аўтар паэтычных зборнікаў «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Сыс» (2002).
Таксама ў гэты дзень
1795 ― адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай.
1863 — у Жэнэве ўтвораны Міжнародны Чырвоны Крыж.
1947 — праведзеная самая масавая дэпартацыя ўкраінцаў з Заходняй Украіны (каля 78 тысяч чалавек).
1956 — вывад з Аўстрыі войскаў СССР і заходніх саюзьнікаў — пераможцаў у Другой усясьветнай вайне, дзяржаўнае сьвята Аўстрыі — Дзень незалежнасьці і нэўтралітэту.
1956 — створанае Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ).
1962 — падчас Карыбскага крызісу савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў пагадзіўся на вяртаньне ў СССР караблёў, якія везьлі на Кубу ядзерную зброю.
1987 — на турбазе «Палачанка» пад Менскам пачаўся І Вальны сойм беларускіх суполак нефармальнага руху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 адрасоў Свабоды. Першы вальны сойм2006 — экс-кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандру Мілінкевічу Эўрапарлямэнт прысудзіў прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
2020 — На «Гродна-Азоце» пачаўся страйк. У 9 ВНУ краіны пачалі страйкаваць некаторыя студэнты.
У гэты дзень нарадзіліся
1635 — Міхал Казімір Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ.
1685 — Дамэніка Скарляці, італьянскі кампазытар, аўтар 555 санат для фартэпіяна.
1759 — Жорж Жак Дантон, правадыр францускіх якабінцаў.
1810 — Генрых Дмахоўскі, беларускі скульптар, удзельнік паўстаньня 1863 году. Падчас жыцьця ў ЗША Дмахоўскі стварыў скульптурныя партрэты Тадэвуша Касьцюшкі і амэрыканскага прэзыдэнта Томаса Джэфэрсана. Гэтыя бюсты і сёньня ўпрыгожваюць памяшканьне Кангрэсу ЗША. Вярнуўшыся на радзіму акурат у часе паўстаньня Каліноўскага, Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету. Вясною 1863 году ён загінуў у баі каля вёскі Парэчча пад Барысавам.
1888 — Нестар Махно, украінскі рэвалюцыянэр, лідэр анархісцкага руху.
1916 — прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, які кіраваў сваёй краінай два тэрміны па 7 гадоў (1981–1995).
1947 — Гілары Клінтан, былая кіраўніца Дзярждэпартамэнту ЗША (2009–2013).
1959 — Зоя Белахвосьцік, артыстка.
У памяці
1806 — Шарль Агюстэн Кулён, францускі фізык і вайсковы інжынэр, які ў 1785 годзе экспэрымэнтальна вызначыў асноўны закон электрастатыкі (закон Кулёна).
1937 ― Юзэф Доўбар-Мусьніцкі, польскі вайсковы дзеяч, генэрал-лейтэнант расейскага войска, генэрал броні, кіраўнік вялікапольскага паўстаньня ў Познані (1918–1919).
1941 — Марыя Брускіна, Кірыл Трус, Уладзімер Шчарбацэвіч, удзельнікі антынацысцкага супраціву, павешаныя нацыстамі на браме дражджавога заводу ў Менску.
1972 — Ігар Сікорскі, авіяканструктар, стваральнік першых у сьвеце гелікоптэраў.