Афіцыянта з Івацэвічаў аштрафавалі за тату з Пагоняй і лёзунгам «Жыве Беларусь!»

Ілюстрацыйнае фота

Улады працягваюць перасьледаваць беларусаў за нацыянальную сымболіку.

У Івацэвічах у канцы верасьня затрымалі маладзёна, які працуе афіцыянтам. На левай назе чалавека — тату з выкарыстаньнем нацыянальнага герба Беларусі «Пагоня».

На мужчыну склалі пратакол. У ім міліцыянты назвалі малюнак на левай назе мужчыны «пікетаваньнем без дазволу Івацэвіцкага райвыканкаму», палічыўшы, што ён меў на мэце «выказваньне грамадзка-палітычных інтарэсаў».

Пад гербам на тату зьмяшчаецца патрыятычны лёзунг «Жыве Беларусь!», за які пры рэжыме Лукашэнкі таксама перасьледуюць.

Суд прызнаў жыхара Івацэвічаў вінаватым у «парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП. Яму прызначылі штраф у памеры 185 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не магу гаварыць ротам, дык няхай маё цела пра гэта крычыць». Новы праект аб пратэставых тату беларусаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК прымусіў беларуса зьвесьці татуіроўку з цытатай Янкі Купалы