Маральныя і практычныя дылемы, зьвязаныя з вымушаным сяброўствам у праўладных ідэалягічных арганізацыях, абмяркуем з Ірынай Сідорскай, дасьледчыцай прапаганды, доктаркай філялягічных навук, кандыдаткай філязофскіх навук, былой загадчыцай катэдры тэхналёгій камунікацыі і сувязяў з грамадзкасьцю на факультэце журналістыкі БДУ.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты
— Ірына, давайце ўявім наступную ўмоўную сытуацыю. Загадчыца аддзяленьня, напрыклад, цэнтру кардыялёгіі ў Менску. Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі і кадрах патрабуе ад яе ўступіць у «Белую Русь» і Саюз жанчын. Адмовіцца можна, але можна страціць пасаду, у выніку пацярпяць пацыенты і арганізацыя мэдычнай дапамогі ў гэтай сфэры, якую яна наладзіла. Уступаць ці не ўступаць? Калі ўступаць, то што рабіць там ці не рабіць?
— Складанае пытаньне, бо гэта ж лёс іншага чалавека. Я магу сказаць толькі пра сябе. Калі я яшчэ працавала загадчыцай катэдры (гэта было ў 2020 годзе, але да жнівеньскіх падзей), таксама перад намі такую задачу ставілі, каб усе загадчыкі катэдраў былі ў «Белай Русі». Можа ня я адна, яшчэ адзін альбо два загадчыкі, супраціўляліся да апошняга і так і не ўступілі.
Цяпер сытуацыя зьмянілася. Цяпер мала, каб чалавек толькі быў у гэтых праўладных арганізацыях. Гэта датычыць нават не кар’еры яго ці яе, а нават магчымасьці працаваць на гэтай пасадзе і ў гэтай арганізацыі. Тым, хто цяпер працуе на гэтых пасадах, у тым ліку ў мэдыцыне, прыйдзецца выбіраць не карʼеру, а нават магчымасьць захаваць за сабой гэтую працу і гэтую пасаду.
Кожны і кожная павінны рабіць выбар самі, але яны павінны разумець, што нават калі згаджаюцца на вось гэтае маленькае зло, яны павінны памятаць аб тым, што гэта ўсё роўна зло. Сёньня ты ўступіла ў «Белую Русь», а заўтра там яшчэ трэба што-небудзь зрабіць, пасьлязаўтра яшчэ. Ты ж да гэтага згаджалася, а чаму зараз перастала згаджацца?
— Калі паглядзець на сытуацыю зь іншага боку. Нацыянальна арыентаваны чалавек, які не падзяляе каштоўнасьці рэжыму, трапляе ў «Белую Русь», Беларускі саюз жанчын і спрабуе там нейкім чынам ня толькі не рабіць зла, а нават нешта нармальнае зрабіць...
— Такое можа быць, але, на маю асабістую думку, гэта вельмі прывабны спосаб патлумачыць, чаму я згаджаюся: бо за мной стаіць нейкая справа, якой я адданая, якая для мяне шмат значыць, і я хачу ня толькі ня страціць гэтую справу, я хачу, каб яна разьвівалася. Ну і што мне, вельмі цяжка — уступлю ў гэтую «Белую Русь» ці гэты Саюз жанчын. Але я ўсё ж упэўненая — калі ідзеш насустрач у гэтым маленькім кроку, далей ад цябе ўсё роўна будуць патрабаваць іншых крокаў. І будзе ўжо складаней адмовіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўдыторыя прапагандыста Азаронка — пераважна «змагары», — мэдыяэкспэртка Сідорская— Ці ёсьць сфэры, на якія можна ўплываць праз знаходжаньне там? Напрыклад, усебеларускі народны сход, які будзе зацьвярджаць Лукашэнку. Гэтыя людзі змогуць прынамсі даносіць інфармацыю, што там насамрэч адбывалася, магчыма, будуць людзі, які прагаласуюць супраць.
— Што прагаласуюць супраць, я ня ўпэўненая, а наконт першага — так, добра мець сваіх людзей, у тым ліку ў такіх сфэрах. Гэта выбар кожнага і кожнай. Я б не згадзілася, але гэта маё сьветаўспрыманьне, мой характар. Можа, іншы чалавек і зможа гэта сумяшчаць. Але тады кожны дзень сабе трэба гаварыць, чаму я зрабіў такі выбар і што я раблю, каб зьменшыць тое зло, якое зрабіў мой выбар. Гэта ж імітацыя дэмакратыі. Калі шмат людзей у «Белай Русі», у БРСМ, у Саюзе жанчын, то тады можна на міжнародным узроўні гаварыць пра тое, якія ў нас масавыя грамадзкія арганізацыі, колькі там беларусаў і беларусак, і гэта ад іх імя мы прымаем такія рашэньні.
— Наколькі такая практыка адрозьніваецца ад таго, што было за савецкім часам, напрыклад, у 1980-я гады, калі сяброўства ў КПСС, камсамоле былі проста спосабам рабіць кар’еру, і амаль ніхто ня верыў насамрэч у так званы камунізм і ягоныя пастуляты? Чым падобныя цяперашнія практыкі і чым яны прынцыпова адрозьніваюцца?
— Падабенства, безумоўна, ёсьць. Гэта было адно з правілаў гульні, але быў больш мяккі характар у 1980-я гады ў гэтай гульні. Людзі рабілі гэта, каб мець нейкія прэфэрэнцыі, расьці па кар’ернай лесьвіцы, мець іншыя магчымасьці. Цяпер, калі аўтарытарная дзяржава зьмяняецца на таталітарную дзяржаву, быць проста сябрам нейкай праўладнай арганізацыі недастаткова. Патрабуецца нешта актыўна ў гэтай арганізацыі рабіць у адпаведнасьці з тымі ідэалягічнымі наратывамі, якія дзяржава прасоўвае цяпер. Зь іншага боку, і ў 1980-я гады XX стагодзьдзя было зразумела, што гэта толькі гульня, толькі рытуал, што на самой справе людзі так ня думаюць. Але прайшло ўжо амаль 50 гадоў. І мы што, паўтараем тыя ж самыя памылкі? Гэта ўжо не назавеш памылкамі. Я б сказала, што гэта нейкая катастрофа і маральная, і гуманітарная, калі мы не зрабілі хатняй працы над памылкамі і паўтараем іх у значна большым маштабе.
— Калі знаходзісься за мяжой, цяжка раіць, але, тым ня менш, якая ваша парада людзям, якім трэба будзе зрабіць выбар, калі ім прапанавалі ўступіць у арганізацыю, каштоўнасьці якой не падзяляеш, якая зьяўляецца інструмэнтам у рэпрэсіўнай машыне?
— Верыць у сябе, верыць, што насамрэч кожны з нас досыць моцны, у нас ёсьць рэпутацыя, сацыяльны капітал, у нас ёсьць веды, кампэтэнцыі. Мы не прападзем. Ня трэба думаць, што бяз гэтай арганізацыі, бяз гэтай сыстэмы з табой нічога ня будзе і ты памрэш пад кустом. Не, такога ня будзе. Калі ты спэцыяліст, калі ты чалавек, калі цябе паважаюць, і калі ў цябе ёсьць характар, ты зможаш вельмі шмат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баязьлівая і несамастойная. Ці здольная такая беларуская эліта ўтрымаць сувэрэнітэт Беларусі?