Сайт «Зекркало» нагадвае пра чатыры хранічныя пэнсійныя праблемы, якія чыноўнікі не вырашаюць гадамі.
Топ-4 нявырашаных хранічных пэнсійных праблем
1. Утрыманьне часткі пэнсіі ў пэнсіянэраў, якія працуюць. Бізнэс прапануе, каб тым, хто працягвае працаваць на заслужаным адпачынку, выплачвалі поўную пэнсію, а не зьменшаную, як цяпер. Чакаецца, што гэта прыцягне дадатковыя працоўныя рэсурсы ў сытуацыі, калі на рынку назіраецца недахоп працаўнікоў.
2. Нізкія пэнсіі. Чыноўнікі з году ў год абяцаюць, што сярэдняя пэнсія будзе складаць 40% ад сярэдняга заробку па краіне. У жніўні 2023 году гэты паказьнік быў на ўзроўні 35,9%. Сярэдні заробак склаў 1962,4 рубля, а сярэдняя пэнсія па ўзросьце таго, хто не працуе на заслужаным адпачынку, — 703,78 рубля.
3. У Беларусі захоўваецца праблема зь мінімальным страхавым стажам. Ён неабходны для атрыманьня працоўнай пэнсіі. У гэты стаж уваходзіць толькі той час, калі чалавек працаваў і працадаўца плаціў за яго страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны. У 2013 годзе мінімальны страхавы стаж павялічыўся з 5 да 10 гадоў. Цяпер ён складае 19 гадоў, з 1 студзеня 2024 году вырасьце на паўгода — да 19 гадоў і шасьці месяцаў, а ў 2025 годзе — да 20 гадоў. Беларусы, якія ня выпрацавалі страхавы стаж па новых правілах, трапляюць у пэнсійную пастку, яны ня могуць прэтэндаваць на працоўную пэнсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную: мужчынам — з 65 гадоў, жанчынам — з 60 гадоў. Цяпер сацыяльная пэнсія складае 182,2 рубля.
4. Яшчэ адна нявырашаная праблема таксама датычыцца пэнсійнай пасткі. Мова аб сытуацыях, калі наймальнікі не плацілі за работнікаў страхавыя ўзносы ў ФСАН, з прычыны чаго тыя ня могуць прэтэндаваць на працоўную пэнсію, а толькі на сацыяльную. Цяпер чыноўнікі хочуць увесьці абавязковае страхаваньне за нявыплату зарплаты і ўзносаў у ФСАН. Мяркуецца, што гэта можа абараніць работніказ. Аднак у фэдэрацыі прафсаюзаў лічаць, што гэта ня вырашыць праблему тых, хто ўжо трапіў у пэнсійную пастку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі могуць пачаць плаціць пэнсіі большасьці пэнсіянэраў праз банкіЯкія зьмены чакаюць пэнсіянэраў пракуратуры
Ухвалены ў першым чытаньні законапраект прапануе зьмены па пэнсіях пракурорскіх працаўнікоў за выслугу гадоў і выплат па ўзросьце.
Прапануецца зьнізіць для пракурорскіх працаўнікоў агульнаўстаноўлены пэнсійны ўзрост ня больш як на 5 гадоў з выплатай пэнсіі за выслугу гадоў у поўным памеры, калі яны не працуюць на заслужаным адпачынку. Выключэньне — праца паводле грамадзянска-прававой дамовы.
Пры гэтым тым работнікам, якія далей працуюць у органах пракуратуры на заслужаным адпачынку, хочуць выплачваць пэнсію па ўзросьце са зьніжэньнем агульнаўстаноўленага пэнсійнага ўзросту ня больш як на 5 гадоў.
- Агульнаўстаноўлены ўзрост у Беларусі складае 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын.