Фільм «На другом берегу», зьняты «Беларусьфільмам» да ўсталяванага Лукашэнкам сьвята «Дня народнага адзінства» пра падзеі 1925 году, разьбіраем з кінааглядальнікам Тарасам Тарналіцкім і журналістам Свабоды Дзьмітрыем Гурневічам.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты
Тарас Тарналіцкі:
Пра падабенства «Купалы» і «На другом берегу»
Гэта тыповы праект для «Беларусьфільму». Я б не сказаў, што ён нечым адрозьніваецца ад праектаў, якія ствараліся да 2020 году. Ён нясе іншыя мэсыджы, але сутнасна гэта праект, мэты якога — каб улада выканала свае палітычныя мэты. Усім спадабаўся фільм «Купала», але ён таксама такі ж ідэалягічны па сутнасьці і па зьмесьце, як і фільм «На другом берегу», толькі ў яго іншы мэсыдж. «Купала» больш беларусацэнтрычны, а «На другом берегу» — антыпольскі, прасавецкі фільм. Такія былі фільмы ў нулявыя гады, калі было моцнае расейскае лобі ў Беларусі. А ўжо ў 2010-я былі спробы ў Лукашэнкі стаць больш самастойным. Дзеля гэтага і паўстаў фільм «Купала» і іншыя гульнявыя і негульнявыя фільмы. Цяпер вельмі напружаныя адносіны з Захадам, Польшчай, і ўлады вырашылі такім чынам спрабаваць аб’ядноўваць беларусаў.
Калі ствараўся «Купала», была неабходнасьць неяк адасобіцца ад Расеі, сказаць, што мы самастойныя. Гэта была задача ўлады як замоўшчыка гэтага кантэнту. Цяпер усё кардынальна зьмянілася, ва ўлады зьявілася неабходнасьць знайсьці вонкавага ворага ў выглядзе Польшчы, і таму зьмяніўся запыт на фільмы, якія трэба паказваць.
Пра антыпольскую тэму ў першым беларускім фільме
У наступным годзе будзе 100 гадоў з моманту зьяўленьня беларускага кінэматографу. У першым фільме, які афіцыйна лічыцца беларускім, «Лясная быль», таксама дзеяньне адбываецца ў Заходняй Беларусі, і яно пабудаванае на супрацьстаяньні беларусаў і палякаў. Фактычна 100 гадоў здымаем кіно пра тое, як змагаемся з дрэннай польскай уладай, якая захапіла Заходнюю Беларусь. Не адпускае гэтая тэма ні ўладу Беларусі, ні дзяржаўны кінэматограф.
Пра фільм для спажыўцоў расейскіх сэрыялаў
Гэта хутчэй мэлядрама тэлевізійнага фармату, якія звычайна паказваюць на тэлеканалах Расеі. Яна па эстэтыцы вельмі падобная, і па калярыстыцы, і па мантажы. Ня вельмі густоўна зроблена. Гэта ня вельмі высокая якасьць. Глядзець гэта на вялікім экране даволі цяжка. Я глядзеў пірацкую вэрсію, якая зьявілася ў сеціве. Гэта нават не афіцыйны рэліз. Зьлілі ў сеціва гэтую пірацкую вэрсію, як і «Купалу». У мяне вялікія сумневы, што гэты фільм можа быць увогуле камусьці цікавы, акрамя саміх замоўшчыкаў і жаданьня паказаць, што беларусы яго сапраўды глядзяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можаш не ісьці, але квіток купіць мусіш». Як улады зьбіраюць аншлягі на прапагандысцкі фільм «На другом берегу»Дзьмітрый Гурневіч:
Пра гістарычныя неадпаведнасьці
Зьвярнуў увагу найперш на сам пачатак фільму, першыя 2–3 хвіліны, калі адбываецца пратэст беларускіх праваслаўных сялян супраць польскай паліцыі, якая зачыняе царкву і пераўтварае яе ў склад. І паліцыя бʼе бізунамі людзей, страляе ў іх, што абсалютна дзіўна выглядае, калі ведаць гісторыю гэтых мясьцінаў, дзе праваслаўныя і каталікі жывуць разам і ніколі не было ніякіх праблем. У Стоўпцах, пра якія гаворка ў гэтым фільме на самым пачатку, праваслаўная царква беспраблемна працавала ўвесь польскі час з 1921 па 1939 гады. Там была хрышчаная Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, там бралі шлюб яе бацькі, у гэтай царкве яе бацька-каталік перайшоў у праваслаўе. Адзінае, самае радыкальнае, на што былі здольныя палякі, — у касьцёле насупраць званілі ў званы, калі праваслаўны браў шлюб з каталічкай і прымаў каталіцтва. Дарэчы, гэты касьцёл пасьля вайны бальшавікі ўзарвалі, і там футбольнае поле. Адзін з гісторыкаў, Андрэй Катлярчук, у сацыяльных сетках напісаў, што ў ягоным горадзе акурат пры паляках з 1921 па 1939 год якраз была пабудаваная царква. У фільме вельмі шмат антыгістарычных, антынавуковых клішэ.
Пра мову герояў фільму
Увесь фільм зроблены па-расейску. Расейская мова там больш нагадвае маскоўскую гаворку ці вымаўленьне ў нейкай расейскай правінцыі. Гэта вельмі дзіўна гучала. Гэта не расейская мова, на якой гавораць беларусы, а тым больш сяляне каля Рубяжэвіч, пра якія гаворка. Яны не маглі гаварыць ані на такой мове, ані на расейскай у тыя часы. Так здарылася, таму што акторы збольшага расейскія, і проста не было кансультанта, хто б ім параіў, навучыў бы іх. Іншае пытаньне, чаму беларусам гэтыя ролі не далі. Беларуская мова там нагадвала трасянку, была вельмі ненатуральнай і мізэрнай. Калі скласьці ўсе разам, магчыма, гэта было тры хвіліны. Там ніводнай беларускай песьні не было, ніводнага намёку, што гэта беларусы. За ўвесь фільм героі ні разу не сказалі, што яны беларусы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17 верасьня: сьвята, якое пражыве не даўжэй, чым антыпольская палітыка- Фільм «На другом берегу» быў зьняты «Беларусьфільмам» да «дня народнага адзінства». Рэжысэр — расеец Андрэй Хрулёў. Стужка апавядае пра падзеі 1925 году.
- «У Заходняй Беларусі чатыры гады ідуць хваляваньні, працуюць агенты савецкай выведкі. Спробы мясцовых жыхароў адстаяць сваю веру і царкву закончыліся жорсткім здушэньнем», — так аўтары фільму апісваюць яго. Ідэолягі ў анатацыі пішуць, што фільм «пра самы цяжкі пэрыяд нашага народу — польскую акупацыю».
- На прагляд фільму ў добраахвотна-прымусовым парадку пасылаюць школьнікаў, студэнтаў, супрацоўнікаў прадпрыемстваў і арганізацый.