Ізраіль назваў умову адмены чаканай наземнай апэрацыі ў Газе

Ізраільскія салдаты і баявая тэхніка. Ілюстрацыйнае фота

Наземная апэрацыя ізраільскай арміі ў Газе можа быць адмененая толькі пры ўмове, што баевікі ХАМАС вызваляць усіх закладнікаў і складуць зброю.

Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю Джонатан Конрыкус у інтэрвію аўстралійскаму тэлеканалу ABC.

«Калі ХАМАС выйдзе зь месцаў, дзе ён хаваецца, прыкрываючыся цывільнымі, верне нашых закладнікаў і здасца без умоў, тады вайна будзе скончаная», — сказаў Конрыкус.

Паводле яго, мэта гэтай вайны — зьліквідаваць ХАМАС, каб ён больш ніколі ня мог пагражаць ізраільцянам і не паўтарыў уварваньня, якое здарылася 7 кастрычніка.

Міністар абароны Ізраілю Яаў Галянт раней заявіў, што ваенная кампанія супраць ХАМАС можа працягнуцца «месяц, два, тры» і завершыцца поўным зьнішчэньнем радыкальнай групоўкі.

«Гэта павінна стаць нашай апошняй манэўранай апэрацыяй у Газе, з той простай прычыны, што пасьля яе ніякага ХАМАСу ня будзе», — дадаў ён. Ёаў Галант падзякаваў ізраільскім ВПС і адзначыў, што наступная стадыя, гэта значыць наземная апэрацыя, «пачнецца неўзабаве».

Як хутка яна пачнецца, па-ранейшаму незразумела. Раней паведамлялася, што наземная апэрацыя была адкладзеная па просьбе ЗША, каб даць час на перамовы аб вызваленьні закладнікаў, якіх утрымлівае ХАМАС .


Як адзначае газэта The New York Times са спасылкай на сваю крыніцу, вызваленьне ХАМАСам дзьвюх амэрыканак прымусіла ЗША больш настойліва дамагацца адтэрміноўкі пачатку наземнай апэрацыі ў сэктары Газа. Крыніца выданьня, знаёмая з ходам перамоваў, адзначыла, што ХАМАС прама папярэдзіў, што пачатак апэрацыі зробіць вызваленьне закладнікаў значна менш верагодным.

7 кастрычніка групоўкі ХАМАС і «Ісламскі джыгад», прызнаныя тэрарыстычнымі ў многіх краінах сьвету, напалі на поўдзень Ізраіля. Колькасьць ахвяр гэтага нападу перавысіла 1400. Больш за 200 чалавек былі захопленыя джыхадыстамі і вывезеныя ў Газу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Ізраілю заявіў, што апэрацыя ў сэктары Газа можа працягвацца некалькі месяцаў

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.