У Расеі прапанавалі ўключыць беларускія футбольныя клюбы ў расейскі чэмпіянат

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Гульцы футбольнага клюбу «Дынама Мінск», красавік 2020 году

Міністар спорту Расеі Алег Матыцын распавёў выданьню «Матч ТВ» пра магчымае ўключэньне беларускіх клюбаў у сьпіс удзельнікаў чэмпіянату Расеі па футболе.

Заява Матыцына прагучала пасьля пашыранага пасяджэньня калегіяў Міністэрства спорту РФ і Міністэрства спорту і турызму Беларусі, якое прайшло ў 21 кастрычніка ў Пермі ў рамках форуму «Расея — Спартыўная дзяржава».

«Мы зараз чакаем прапановаў ад Беларусі па клюбах. Пасьля яго атрыманьня будзем абмяркоўваць гэтае пытаньне з Расейскім футбольным саюзам», — сказаў Алег Матыцын.

Ён патлумачыў, што гэта «стратэгічныя ініцыятывы», якія мусяць зацьвердзіць старшыні ўрадаў, а пасьля іх павінны ўхваліць як «адзіны плян у рамках саюзнай дзяржавы». Паводле яго, беларускі бок зараз «прапрацоўвае сьпіс камандаў, якія могуць быць уключаныя ў чэмпіянат Расеі».

«Ёсьць вельмі шмат тэхнічных пытаньняў, напрыклад, ці трэба аўтаматычна браніраваць месца для беларускай каманды. Ня ўпэўнены, што мы пасьпеем да наступнага сэзону ўсё прапрацаваць», — адзначыў Матыцын карэспандэнту «Матч ТВ».

У той жа час ганаровы прэзідэнт Расейскага футбольнага саюзу Вячаслаў Каласкоў у размове з «Матч ТВ» заявіў, што ў магчымым уключэньні беларускіх клюбаў у Расейскую прэм’ер-лігу «няма ніякага спартыўнага сэнсу», хіба што «ў спартова‑палітычным, магчыма, мае значэньне; магчыма, пойдуць нейкія новыя інвэстыцыі ад рэклямы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад аб парушэньнях у фэдэрацыі футболу Беларусі: дамоўныя матчы, палітычны ціск, «кішэнныя» судзьдзі
  • Расейскія клюбы і зборныя былі адхіленыя ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах ФІФА і УЕФА пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
  • Беларускі футбол сутыкнуўся зь менш жорсткімі санкцыямі: футбольныя клюбы Беларусі, як і зборныя, праводзяць хатнія матчы эўракубкаў на нэўтральных палях. Тым ня менш, апошнія гады каманды зь Беларусі не прабіваюцца ў асноўную стадыю эўракубкаў.