Лукашэнка абвінаваціў урад у хлусьні: Гледзячы ў крывое люстэрка, мы краіну не ўтрымаем

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з урадам папярэдзіў яго пра недапушчальнасьць скажэньня інфармацыі аб сытуацыі ў тых ці іншых галінах. Пра гэта паведамляе БЕЛТА.

«Не заўсёды, прыняўшы рашэньне, мы яго рэалізуем. Рэалізуем несвоечасова — гэта ўжо норма. Але мяне больш за ўсё апошнім часам хвалюе тое, што наш урад, замест таго каб канкрэтнай справай займацца, пачынае хлусіць і дэзынфармаваць прэзыдэнта. Для таго каб паказаць сябе ў лепшым сьвятле», — адзначыў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм'ер-міністар Беларусі на нарадзе ў Лукашэнкі пагадзіўся на адстаўку, калі ня будзе заплянаванага росту эканомікі

«Я не хачу публічна прыводзіць прыклады, але ў закрытым рэжыме я прывяду вам прыклад, які красамоўна сьведчыць пра тое, што хлусьня ў нас ня зжытая, — сказаў ён. — І зьдзіўляцца таму, што ў нас у Гомельскай вобласьці падзеж жывёлы (прыпісваюць там недзе), у Віцебскай вобласьці, Магілёўскай, дый увогуле па краіне... Што тут дзівіцца, калі гэта ідзе ад міністраў нашых, ад нашых губэрнатараў. Гэта недапушчальна».

Лукашэнка падкрэсьліў, што ўзьнікненьне такіх сытуацый — гэта крайні выпадак.

«Я не кажу, што гэта традыцыя. Але я баюся, каб гэта ня стала ў Беларусі традыцыяй — хлусьня. Гледзячы ў крывое люстэрка, мы краіну не ўтрымаем. І новыя імпульсы ёй не нададзім, якія б стратэгічныя ў нас пляны ні існавалі», — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітаіст патлумачыў, чаму Лукашэнкі не было на форуме ў Пэкіне