19 кастрычніка ўвечары ракеты і бесьпілётнікі былі выпушчаныя па авіябазе Айн-аль-Асад, дзе разьмешчаны амэрыканскія і іншыя міжнародныя сілы на захадзе Іраку. На тэрыторыі базы былі чуваць некалькі выбухаў, паведамілі дзьве крыніцы ў сілавых структурах, перадае «Голас Амэрыкі».
Ірацкія вайскоўцы заявілі, што закрылі тэрыторыю вакол базы і пачалі пошукавую апэрацыю.
Раней у той жа дзень ракеты і дроны атакавалі амэрыканскую базу каля міжнароднага аэрапорта Багдада, паведаміла 19 кастрычніка ірацкая паліцыя, ня даўшы падрабязнасьцяў.
Крыніца ў адміністрацыі ЗША расказала, што па амэрыканскіх сілах у аэрапорце былі выпушчаныя дзьве ракеты. Адну з ракет перахапілі, а другая трапіла ў пустое сховішча, пацярпелых няма.
За апошнія суткі атакі зазналі ўжо чатыры вайсковыя базы ў Іраку, на якіх разьмешчаныя амэрыканскія войскі. 18 кастрычніка ў выніку ўдару дронаў было паранена некалькі вайскоўцаў.
Раней некалькі ўзброеных іракскіх груповак, якія падтрымлівае Іран, прыгразілі атакаваць амэрыканскія вайсковыя базы, калі Вашынгтон падтрымае Ізраіль у яго барацьбе супраць тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя палестынска-ізральскага канфлікту. Тлумачым у 10 пунктах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Ізраілю загадаў вайскоўцам «быць напагатове» на фоне чаканай наземнай апэрацыі ў Газе