Стала вядомая колькасьць украінцаў, якія атрымалі беларускае грамадзянства за апошнія тры гады

Эвакуацыя ўкраінцаў з акупаваных Расеяй тэрыторый. Ілюстрацыйнае фота

Сьцьвярджаюць, што Лукашэнка адхіліў шэраг заяў іншаземцаў на атрыманьне беларускага грамадзянства ад тых асобаў, якія «неаднаразова парушалі заканадаўства Беларусі за час пражываньня» на беларускай тэрыторыі.

Аляксандар Лукашэнка сваімі рашэньнямі з жніўня 2021 году даў беларускае грамадзянства 6814 грамадзянам Украіны і 2990 грамадзянам іншых краін.

Як паведамляецца на сайце Аляксандра Лукашэнкі, 19 кастрычніка ён падпісаў яшчэ адзін указ, паводле якога ў грамадзянства Беларусі прынялі 262 чалавекі, у тым ліку 26 непаўналетніх.

У той жа час паведамілі, што Лукашэнка адхіліў шэраг заяў на атрыманьне беларускага грамадзянства ад тых асобаў, якія «неаднаразова парушалі заканадаўства Беларусі за час пражываньня» на беларускай тэрыторыі.

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі сьцьвярджаюць, што з 24 лютага 2022 году ў Беларусь з украінскай тэрыторыі прыехалі 121 732 грамадзяніны Ўкраіны, у тым ліку праз украінска-беларускую мяжу — 15 895, транзытам праз Польшчу — 80 918, празь Літву — 20 574, праз Латвію — 4 345.

У той жа час дакладна невядомая колькасьць грамадзян Украіны, якія засталіся ў Беларусі. Часьцей празь Беларусь вяртаюцца ў сваю краіну ўкраінцы, якія ўцякаюць з акупаваных Расеяй тэрыторый праз Крым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз падоўжыў для ўкраінцаў статус уцекачоў да сакавіка 2025 году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алейнік у ААН прапанаваў Беларусь у якасьці пасярэдніка на перамовах паміж Расеяй і Ўкраінай