Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што 20 кастрычніка накіруе ў Кангрэс запыт аб выдзяленьні дадатковай дапамогі Ўкраіне ў памеры 60 мільярдаў даляраў і Ізраілю — у памеры 10 мільярдаў даляраў.
«ХАМАС і Пуцін — гэта розныя пагрозы, але ёсьць нешта агульнае. Яны хочуць цалкам зьнішчыць дэмакратыю. ХАМАС паставіў мэту зьнішчыць дзяржаву Ізраіль і габрэйскі народ... У той жа час Пуцін лічыць, што Ўкраіна ніколі ня мела права на існаваньне як сувэрэнная дзяржава і ня мае гэтага права цяпер. Літаральна два тыдні назад ён заявіў, што калі ЗША і іхныя хаўрусьнікі спыняць дапамогу Ўкраіне, то Ўкраіне застанецца адзін тыдзень на існаваньне», — заявіў Джо Байдэн у спэцыяльным звароце ўвечары 19 кастрычніка. Яго цытуе «Голас Амэрыкі».
Таму, падкрэсьліў Байдэн, амэрыканцы павінны памятаць, чаму так важна заходняя падтрымка ўкраінскага народу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна атрымала і ўпершыню выкарыстала амэрыканскія дальнабойныя ракеты ATACMS«Мы хочам, каб Ізраіль і Ўкраіна перамаглі ў гэтай барацьбе. Тэрарысты павінны заплаціць вялікую цану. Калі дыктатары ня плацяць за свае злачынствы, то гэта прыводзіць да яшчэ большых разбурэньняў», — заявіў Джо Байдэн.
«75 гадоў дзякуючы NATO ў Эўропе быў мір. І калі Пуцін нападзе на NATO, мы зробім усё, каб абараніць нашых хаўрусьнікаў», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.
Пры гэтым ён дадаў, што ня хоча, каб амэрыканскае войска ваявала ў Расеі ці супраць Расеі. Аднак, паводле яго, калі Захад і ЗША спыняць дапамогу Ўкраіне, то «ўсе агрэсары адчуюць, што ў іх разьвязаныя рукі» і канфлікты могуць распаўсюдзіцца па ўсім сьвеце, напрыклад у Ціхаакіянскім рэгіёне і асабліва — на Блізкім Усходзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна Ізраілю і ХАМАСу стварае для Расеі магчымасьці і пагрозы