Офіс Ціханоўскай: У Латвіі могуць адмовіцца ад ідэі забароны аўтамабіляў на беларускіх нумарах

Ілюстрацыйнае фота.

Прадстаўнікі Офісу дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай абмеркавалі з дэпутатамі Сэйма Латвіі падаўжэньне віду на жыхарства для грамадзян Беларусі і сытуацыю з аўтамабілямі на беларускіх нумарах.

Паводле прэсавай службы Офісу, існуе верагоднасьць, што ў Латвіі ня будуць уводзіць забарону на зарэгістраваныя ў Беларусі транспартныя сродкі,.

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька і прадстаўнік Офісу ў Латвіі і Эстоніі Віталь Малчанаў сустрэліся з дэпутатамі — прадстаўнікамі групы «За дэмакратычную Беларусь» у Сэйме Латвіі.

На сустрэчы абмеркавалі закон, які цяпер разглядаецца ў Латвіі, аб абмежаваньнях на аўтамабілі зь беларускімі нумарамі. Прадстаўнікі Офісу прапанавалі дэпутатам карэкціроўкі, якія могуць быць дададзеныя да закону.

«Нашы аргумэнты пачутыя і будуць перададзеныя ў профільны Камітэт, які разглядае папраўкі. Ёсьць верагоднасьць, што Беларусь ня будзе ўзгадвацца», — пракамэнтаваў перамовы Анатоль Лябедзька.

Таксама на сустрэчы абмяркоўвалі пытаньне падаўжэньня дзеяньня відаў на жыхарства з аднаго да трох гадоў.

«На ўсіх сустрэчах уздымаліся пытаньні легальнага знаходжаньня беларусаў у Латвіі. Мы таксама сустракаліся з прадстаўнікамі дыяспары і актывістамі, каб абмеркаваць важныя пытаньні і ініцыятывы, накіраваныя на падтрымку беларусаў», — паведаміў Віталь Малчанаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва запатрабавала ад уладальнікаў аўтамабіляў з расейскімі нумарамі за паўгода вывезьці іх з краіны

Забарона расейскіх машын у Эўразьвязе

Раней шэраг краін ЭЗ ўвялі забарону на ўезд расейскіх аўтамабіляў пасьля таго, як 8 верасьня Эўракамісія апублікавала тлумачэньне да санкцый, у якім гаворыцца, што ўезд машын з расейскімі нумарамі можа прыраўноўвацца да імпарту, забароненага санкцыйным рэжымам. Вядомыя выпадкі канфіскацыі расейскіх машын у Нямеччыне. Аб забароне на ўезд расейскіх машын заявілі ня ўсе краіны Эўразьвязу, паколькі трактоўка гэтага становішча застаецца ў кампэтэнцыі канкрэтных дзяржаў.

Забарона ў суседніх зь Беларусьсю краінах

Літва, Латвія, Нарвэгія, Фінляндыя, Польшча і Эстонія таксама забаранілі ўяжджаць на сваю тэрыторыю машынам з расейскімі нумарамі. Улады Фінляндыі ўдакладнілі, што забарона не закране грамадзян і сем'і Эўразьвязу і Эўрапейскай эканамічнай зоны, у тым ліку з другім грамадзянствам, якія пастаянна жывуць у Расеі.

З 11 верасьня ў Літву забаронена ўвозіць любыя транспартныя сродкі, якія зарэгістраваны ў Расеі і маюць расейскія нумарныя знакі. Забарона распаўсюджваецца на гэтыя аўтамабілі незалежна ад грамадзянства іх уладальніка ці кіроўцы, а таксама калі яны прызначаны для часовага карыстаньня.

Таксама мытня Літвы запатрабавала ад уладальнікаў аўтамабіляў з расейскімі нумарамі вывезьці іх з тэрыторыі краіны і Эўразьвязу на працягу 6 месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля краін Балтыйскага рэгіёну Баўгарыя забараніла ўезд аўтамабілям з расейскімі нумарамі

Абмежаваньні для беларускіх машын у Латвіі

Міністэрства юстыцыі Латвіі, як сталі вядома ў канцы верасьня, падрыхтавала законапраект, які дазволіць канфіскоўваць аўтамабілі з расейскімі і беларускімі нумарамі, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Аўтамабіль будзе канфіскаваны, калі ён ня пройдзе перарэгістрацыі ці не пакіне краіну на працягу трох месяцаў.