Савет Міністраў унёс у Палату прадстаўнікоў папраўкі да закона «Аб абароне» ад 3 лістапада 1992 году, якія сярод іншага закліканы рэглямэнтаваць «парадак удзелу грамадзян на добраахвотнай аснове ў выкананьні работ абароннага характару ў мірны час».
Законапраект закладвае аснову для вызначэньня пераліку такіх работ, памеру платы за іх выкананьне.
Згодна з папраўкамі, «на пэрыяд удзелу ў выкананьні работ абароннага характару» грамадзянін вызваляецца ад асноўнай працы з захаваньнем за ім працоўнага месца, пасады службоўца (прафэсіі рабочага) і сярэдняга заробку.
«Грамадзяне, якія дасягнулі 16 гадоў, маюць права прымаць удзел у выкананьні работ абароннага характару ў мірны час да ўвядзеньня ваеннага становішча ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў», — гаворыцца ў законапраекце.
Падкрэсьліваецца, што «ўдзел грамадзян у выкананьні работ абароннага характару ў мірны час да ўвядзеньня ваеннага становішча зьяўляецца добраахвотным».
Папраўкі таксама закранаюць паўнамоцтвы Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Сярод іншага на ведамства ўскладаецца задача даваць Генэральнаму штабу інфармацыю, неабходную «для прымяненьня мер па забесьпячэньні ваеннага становішча», у тым ліку нармаванага забесьпячэньня насельніцтва асноўнымі харчовымі таварамі і іншымі таварамі першай неабходнасьці.
17 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб народным апалчэньні», які дазваляе фармаваць з цывільных асоб нерэгулярныя ўзброеныя атрады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы супраць ядзернай зброі ў сваёй краіне — вынікі апытаньня Chatham House ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэдыя-Палесьсе»: У Лунінцы прадстаўнікі ваенкаматаў хапаюць мужчын — каго на вуліцы, каго проста з ложка