Новая пастанова Міністэрства адукацыі Беларусі № 311 ад 17 кастрычніка, якая зьяўляецца дадаткам да пастановы ведамства № 13, зьмяняе ўмовы выкарыстаньня сямейнага капіталу на атрыманьне адукацыі, заўважыла «Настоящее время. Беларусь».
Сямейны капітал прызначаецца сем’ям пры нараджэньні (усынаўленьні, удачарэньні) трэцяга і наступных дзяцей. Сама праграма зьявілася ў Беларусі ў 2015 годзе, а ў 2020 годзе ўлады дазволілі датэрмінова выкарыстоўваць атрыманыя сродкі.
Дасюль, паводле закону, беларусы маглі выкарыстоўваць сямейны капітал у поўным аб’ёме або часткова на аплату адукацыі аднаго з чальцоў сям’і. Для гэтага неабходна было зьвярнуцца з адпаведнай заявай у «Беларусбанк».
У новую пастанову ўнесьлі папраўку, згодна зь якой «памер сродкаў сямейнага капіталу, якія штогод выкарыстоўваюцца, ня можа перавышаць кошту навучаньня за бягучы і (або) папярэдні навучальны год, у тым ліку для пагашэньня наяўнай запазычанасьці за навучаньне». То бок, калі раней на навучаньне можна было зьняць з дэпазытнага рахунку любую суму, дык цяпер колькасьць грошай будзе строга рэгляментаваная коштам навучаньня або запазычанасьцю — больш за прапісаную суму зьняць не атрымаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад за датэрміновае выкарыстаньне сямейнага капіталу. Лукашэнка засьцерагае ад «размываньня грошай»На 1 кастрычніка 2023 году сродкамі сямейнага капіталу на навучаньне ў Беларусі скарысталіся 5949 сем’яў, а колькасьць адкрытых дэпазытных рахункаў «Сямейны капітал» у краіне перавышае 131 тысячу.
Найбольш часта заявы аб датэрміновым выкарыстаньні сямейнага капіталу былі накіраваныя на:
- паляпшэньне жыльлёвых умоваў (больш за 62 тысячы заяваў);
- атрыманьне мэдпаслуг (больш за 63 тысячы заяваў);
- набыцьцё тавараў для інвалідаў (5 заяваў).
1 студзеня 2023 года памер сямейнага капіталу павялічыўся на 15,2% — да 29 950 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сачыце за рукамі: рэжым адначасова абяцае шматдзетным падтрымку і пагражае ім