«Кашалёк» Лукашэнкі Аляксандар Шакуцін, які трапіў пад санкцыі ЭЗ, арганізаваў паралельны імпарт сельскагаспадарчай тэхнікі замежных вытворцаў, якія заявілі пра сыход з расейскага і беларускага рынкаў. Для гэтага бізнэсмэн выкарыстоўвае зарэгістраваную ў Нямеччыне кампанію SV Maschinen GmbH. У Расеі і Беларусі яна вядомая пад гандлёвай маркай «СВ Машыны».
Да такіх высноваў прыйшоў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) па выніках расьсьледаваньня, падрыхтаванага ў партнэрстве з расейскім выданьнем «Вёрстка», нямецкім Paper trail media, пры падтрымцы «Кібэрпартызан».
Расейская дачка SV Maschinen GmbH — ТАА «СВ Машины» — існуе з 2014 году, беларуская дачка — замежнае ўнітарнае прадпрыемства «СВ Машыны» — пачало працаваць у Менску ў 2010 годзе.
Кампанія, зьвязаная з Шакуціным, не хавае сваёй дзейнасьці. «СВ Машыны» ў якасьці афіцыйнага дылера прэзэнтавалі тэхніку CNH Industrial і Amazone у чэрвені на выставе «Белагра-2023». На афіцыйным сайце ў ліпені кампанія паведаміла пра паступленьне флягманскіх збожжаўборачных камбайнаў New Holland вытворчасьці CNH Industrial на склад у Новым Двары.
Гэтыя падзеі адбыліся ўжо пасьля таго, як вытворцы сельскагаспадарчай і будаўнічай тэхнікі абвясьцілі пра сыход зь Беларусі і Расеі: карпарацыя CNH Industrial выпусьціла афіцыйную заяву аб прыпыненьні паставак на расейскі і беларускі рынкі адразу пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, кампанія Amazone заявіла, што прыпыніла пастаўкі ў Беларусь і Расею, у сакавіку 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд Эўразьвязу адхіліў пазоў беларускага бізнэсоўца Шакуціна, які патрабаваў зьняць санкцыіРасьсьледніку БРЦ удалося пагутарыць пад выглядам кліента з прадстаўніком беларускага офіса «СВ Машыны», які паведаміў пра навінку — трактар McCormick. Гэта амэрыканскі брэнд, якім валодае італьянская кампанія Argo, яго прадукуюць у Гішпаніі, Францыі і Нямеччыне.
«У нас прыедуць у лістападзе, сьнежні McCormick 8-й, 7-й сэрыі, а [трактары вытворцы Case IH сэрыі] „Пума“ (Puma) мы... раней вазілі і зараз будзем вазіць, нікуды мы ад гэтага не падзенемся», — паведамілі журналісту.
CNH Industrial сапраўды спыніла пастаўкі ў Расею, але яе прадстаўніцтвы ў Эўропе — найперш у Польшчы і Італіі — прадаюць тэхніку беларускаму прадпрыемству зь нямецкай рэгістрацыяй, якое перапраўляе яе Расеі. Напрыклад, сёлета SV Maschinen GmbH паставіла 18 новых трактароў фірмы CNH Industrial Italia S.P.A. вытворчасьці Аўстрыі і Вялікай Брытаніі ў Расею фірмам «Тэхнатрэйд» і «Бізнэс маркет», паведамляюць расьсьледнікі.
З накладных, якія апынуліся ў распараджэньні БРЦ, вынікае, што ў апошнія тры гады кошт паставак у Расею расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі: у 2020-м — $383,5 тыс., у 2021-м — $1,8 млн, у 2022-м — $9 млн.
10 кастрычніка БРЦ адправіў афіцыйныя запыты кампаніям-вытворцам з просьбай растлумачыць, як гэтая сытуацыя адпавядае іх рашэньню пакінуць расейскі і беларускі рынкі. На момант публікацыі журналісты не атрымалі адказаў.
Нямецкая рэгістрацыя SV Maschinen GmbH дазваляе кампаніям спасылацца на яе эўрапейскае рэзыдэнцтва, а беларускаму бізнэсоўцу Шакуціну — працягваць весьці бізнэс у Эўразьвязе, нягледзячы на санкцыі, адзначаюць расьсьледнікі.
У ранейшым расьсьледаваньні БРЦ «Аляксандар Шакуцін зарабляе мільёны даляраў у Эўропе...» экспэрты тлумачылі, што кампаніі ўдалося абысьці санкцыйнае заканадаўства ЭЗ дзякуючы заблытанай структуры ўласьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кашалёк Лукашэнкі» Шакуцін зарабляе на санкцыях — Беларускі расьсьледніцкі цэнтарНа момант публікацыі 70% SV Maschinen GmbH валодае літоўская EM System, астатнімі 30% — бізнэс-партнэр Шакуціна, дырэктар кампаніі Валянцін Ягораў. Літоўскай EM System валодаюць Аляксандар Шакуцін і яго даўні беларускі бізнэс-партнэр Ігар Субоцін. Кампанія знаходзіцца пад нацыянальнымі санкцыямі Літвы.
Каб зразумець, як абмежаваньні супраць EM System паўплывалі на SV Maschinen GmbH, журналісты БРЦ зьвярнуліся ў Службу расьсьледаваньняў фінансавых злачынстваў МУС Літвы, а таксама папрасілі ўласьнікў EM System Аляксандра Шакуціна і Ігара Субоціна пракамэнтаваць дзейнасьць SV Maschinen GmbH. На момант публікацыі БРЦ не атрымаў адказу ні ад эўрапейскіх чыноўнікаў, ні ад беларускіх бізнэсоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гродна Азот» у абыход санкцый пастаўляе карбамід на рынкі Чэхіі і Польшчы