Пра гэта і пра апошнія дзеяньні Сьвятланы Ціханоўскай і яе офісу мы пагаворым у эфіры Свабоды Premium з дарадцам лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі Франкам Вячоркам.
Кажучы пра розьніцу паміж беларускім і расейскім грамадзтвамі, Ціханоўская ў размове заявіла:
«Мы ж бачым знакі Z на вуліцах у Расеі, бачым расейцаў, вельмі агрэсіўна супраць Украіны настроеных. У Беларусі вы такога ня ўбачыце ніколі. <...> Для беларусаў гэта незразумела, а ў расейцаў усё ж ёсьць імпэрыялістычныя амбіцыі, і яны распаўсюджваюцца на большасьць насельніцтва, на жаль».
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
У сацыяльных сетках многія расейскія дэмакраты абражаныя абагульненьнем, на іх думку, у словах Ціханоўскай. Мы запыталі Франка Вячорку, ці патрэбнымі былі гэтыя словы, якія ў выніку абурылі нават тых расейцаў, якія пазытыўна і са спачуваньнем ставяцца да беларусаў.
«Яна так сказала, бо яна так думае. Яна бачыць гэтую розьніцу ў паводзінах грамадзтва ў Беларусі і Расеі. Украінцы гэта бачаць, эўрапейцы гэта бачаць. Адрозьніваюцца таксама кантэксты, і менавіта на гэта зьвярнула ўвагу Сьвятлана ў гэтым інтэрвію. Ці пакрыўдзіла яно кагосьці? Магчыма, так. Ці адпавядае яно рэчаіснасьці? Зь беларускай пэрспэктывы — так», — кажа Вячорка.
Ён дадае, што гэтыя словы ні ў якім разе ня значаць, што ўсе без выключэньня расейцы — пуцінцы і падтрымліваюць вайну.
«Ёсьць розныя людзі, і тыя, што супрацьстаяць Пуціну. Многія зь іх цяпер у турмах, а многія, як Барыс Нямцоў, страцілі жыцьцё. Ёсьць тыя, хто працуе ў выгнаньні, як Волкаў, Мілоў, Каспараў. Але калі гаварыць у цэлым пра грамадзтва, то яно замбаванае прапагандай, верыць Пуціну і хворае на імпэрыялізм. Нехта пра гэта мусіць гаварыць, і Сьвятлана гэта ў інтэрвію выразна абазначыла», — кажа дарадца Ціханоўскай.
Па словах Вячоркі, ніякіх шчыльных сувязяў атачэньне Ціханоўскай з расейскімі апазыцыйнымі палітыкамі ня мае. На думку яе дарадцы, у Расеі і Беларусі моцна адрозьніваюцца кантэксты сытуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на Беларуска-Брытанскім форуме заклікала пашырыць санкцыі супраць беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў. ФОТА«У Ціханоўскай ёсьць і выбарная легітымнасьць, і легітымнасьць, якую яна здабыла цягам апошніх трох гадоў актыўнай працы. У расейскай апазыцыі гэтага няма. І як толькі на нейкай дыскусіі ці на нейкім форуме зьяўляецца беларуская і расейская тэма разам, то расейская тэма паглынае ўсе размовы пра Беларусь. Калі на сустрэчах ёсьць расейскія сьпікеры, то ўвага аўдыторыі пераходзіць адразу на расейскую тэму. Нам ня вельмі спрыяе гэтае абмеркаваньне Беларусі ў кантэксьце Расеі. Мы тады робімся часткай гэтай вялікай праблемы», — кажа Вячорка і дадае, што ўся дзейнасьць Сьвятланы Ціханоўскай скіраваная на тое, каб паказаць, што Беларусь — гэта асобнае пытаньне, якое патрабуе асобнага падыходу, асобнай стратэгіі.
«Ня трэба нас з расейцамі класьці ў адзін кошык. У нас і расейцаў розныя нацыянальныя інтарэсы. Моцнай і вострай патрэбы супрацы з расейскімі лібэральнымі коламі няма. Нешта нам даць або ўзмацніць наш рух яны ня могуць», — лічыць дарадца Сьвятланы Ціханоўскай.
Разам з тым Вячорка заўважае, што гэта не адмяняе заслугаў тых людзей, якія працуюць на разгром пуцінскага рэжыму. Ён дадае, што камунікуе пры нагодзе з расейскімі дэмакратамі і ўдзельнічае ў якасьці госьця і экспэрта па пытаньнях Беларусі ў этэрах расейскіх незалежных СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Офіс Ціханоўскай апублікаваў справаздачу па выніках праверкі аўдытарскай кампаніі. Што ў ёй