Сілы спэцыяльных апэрацый Украіны заявілі, што правялі маштабную апэрацыю ў акупаваных Расеяй Бярдзянску (Запароская вобласьць) і Луганску.
«У выніку нанясеньня агнявога ўдару ў ноч на 17 кастрычніка акупанты панесьлі значныя страты. Паводле апошніх зьвестак, у Бярдзянску і Луганску зьнішчылі дзевяць верталётаў розных мадыфікацый, спэцыяльную тэхніку, якая знаходзілася на аэрадромах, пускавую ўстаноўку СПА, склад боепрыпасаў, пашкодзілі ўзьлётныя палосы аэрадромаў», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Сіл спэцапэрацый Украіны.
Гэтую апэрацыю назвалі «DRAGONFLY».
Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка апублікавала відэазапіс, на якім можна пабачыць наступствы ўкраінскага ўдару па Бярдзянску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павольны прагрэс і вялікія страты. Заходняя выведка ацаніла наступ расейцаў пад Аўдзееўкай на Данеччыне
«Склад боепрыпасаў у Бярдзянску дэтанаваў да 4-й раніцы. Дэтанацыя ў Луганску працягвалася да 11 гадзіны. Страты ў жывой сіле праціўніка складаюць дзясяткі загінулых і параненых. Целы дагэтуль дастаюць з-пад завалаў», — паведамілі ў ССА Ўкраіны.
У Расеі гэтую інфармацыю не камэнтуюць.