Сярод ахвяр — грамадзяне сама меней 42 краін, паведамілі ў прэс-службе ізраільскага МЗС.
«Больш за ўсё пацярпелі грамадзяне Злучаных Штатаў Амэрыкі — 23 чалавек загінулі і яшчэ 14 прапалі бязь вестак, Расеі — 15 забітыя і 8 прапалі бязь вестак, а таксама Тайлянду — 15 загінулых», — сказана ў паведамленьні.
Сярод ахвяр — трое беларусаў, якія загінулі. 16 кастрычніка ўлады Ізраілю паведамлялі пра чатырох загіблых беларусаў, але 17-га зрабілі праўку.
16 кастрычніка пасольства Беларусі ў Тэль-Авіве паведаміла пра загінулых трох грамадзянах, яшчэ адзін прапаў бязь вестак.
Адміністрацыя аховы здароўя сэктару Газа паведаміла, што ў выніку ізраільскіх удараў у адказ загінулі больш за 2750 чалавек.
Паводле падліку агенцтва AFP, улады Ізраілю пацьвердзілі сьмерць больш за 167 замежнікаў, многія зь якіх таксама мелі ізраільскае грамадзянства. Пацьверджана, што 199 чалавек выкрадзеныя, заявілі ў панядзелак ізраільскія вайскоўцы.
Беларускі МЗС апошні раз падрабязна камэнтаваў сытуацыю ў Ізраілі 9 кастрычніка. Тады прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз сказаў, што інфармацыі пра раненьні ці гібель беларускіх грамадзян у амбасаду краіны не паступала, агулам дыпляматы на той момант атрымалі 150 зваротаў.
Аднак празь іншыя крыніцы стала вядома пра траіх параненых людзей, у тым ліку цяжка параненую пасьля абстрэлу Ашкелону беларуску.
Акрамя таго, была інфармацыя пра дваіх загінулых ураджэнцаў Беларусі, якія служылі ў паліцыі Ізраілю, а таксама пра раненьне ў Сдэроце высокапастаўленага афіцэра ЦАХАЛ, які паходзіць з Мазыра.
Шэраг беларусаў, якіх у Ізраілі засьпела вайна, не зьвярталіся ў беларускую амбасаду праз тое, што на радзіме ім пагражае палітычна матываваны крымінальны перасьлед, як, напрыклад, блогерка Аляксандра Ханевіч. Ёй дапамаглі эвакуавацца з Ізраілю «народныя амбасады Беларусі».
Дзясяткі краінаў арганізавалі вываз сваіх грамадзянаў з Ізраілю. Так, Чэхія і Ісьляндыя вывезьлі сваіх грамадзянаў урадавымі бартамі. Польшча, Вугоршчына, Канада, Аўстрыя, Гішпанія, Італія, Грэцыя накіравалі вайскова-транспартныя самалёты. Румынія, Нямеччына, Францыя, Нарвэгія, Казахстан вывозяць грамадзянаў камэрцыйнымі рэйсамі. Украіна вывозіць суайчыньнікаў праз румынскія аэрапорты.
Тым беларусам, якія спадзяваліся на дапамогу дзяржавы, амбасада Беларусі ў Тэль-Авіве адказала, што «аэрапорт Бэн-Гурыёна працуе ў штатным рэжыме» і выбірацца з краіны яны могуць самастойна. Ніякай дапамогі і эвакуацыйных рэйсаў улады ня зладзілі.