Нацыянальная выбарчая камісія Польшчы на сваім сайце паведамляла ў рэальным часе пра хаду падліку галасоў на парлямэнцкіх выбарах, якія адбыліся 15 кастрычніка.
17 кастрычніка камісія паведаміла, што ўсе галасы падлічылі, піша агенцтва PAP.
Галасы выбарнікаў разьмеркаваліся наступным чынам:
За партыю «Права і справядлівасьць» (ПіС), якая знаходзіцца ва ўладзе з 2015 году і да якой належаў і прэзыдэнт Анджэй Дуда — 35,38% (экзыт-пол, сацыялягічнае апытаньне на выхадах з выбарчых участкаў, даваў ёё 36,8%);
за «Грамадзянская кааліцыю» на чале з колішнім прэм’ерам Польшчы і эўрадэпутатам Дональдам Тускам — 30,70% (экзыт-пол — 31,6%);
За кааліцыю «Трэці шлях» — аб’яднаньне «Польшчы 2050» экс-кандыдата ў прэзыдэнты Шымона Галоўні і Польскай народнай партыі — 14,40% (экзыт-пол — 13% );
За аб’яднаньне левых сілаў «Новая Лявіца» — 8,61% (экзыт-пол — 8,6% );
За правую партыю «Канфэдэрацыя Свабода і Незалежнасьць», якая стаіць на пазыцыях эўраскептыкаў — 7,16% (экзыт-пол — 6,2%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы апублікавалі вынікі экзыт-полаў на парлямэнцкіх выбарах. Апазыцыя атрымала шанец пераняць уладу