Пра гэта былы кіраўнік брытанскага ўраду Борыс Джонсан напісаў у сетцы Х (былы Твітэр):
«Я падтрымліваю кампанію Ціханоўскай па пашырэньні інфармацыі аб беларускіх палітвязьнях. Я пагадзіўся апекавацца яе мужам, Сяргеем Ціханоўскім, які знаходзіцца ў турме. Улічваючы тое, што ў Беларусі больш за 1500 палітычных зьняволеных, я заклікаю іншых далучыцца да мяне ў гэтай акцыі салідарнасьці. Я падтрымліваю мужны народ Беларусі. Жыве Беларусь!», — напісаў экс-прэм’ер.
Апошнія словы Джонсан напісаў па-беларуску.
16–18 кастрычніка Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візытам у Лёндане, дзе выступіць з «Вэстмінстэрскай лекцыяй» у парлямэнце. Праграмны зварот будзе прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі, а таксама прыярытэтам працы дэмакратычных сілаў і міжнароднай супольнасьці ў адносінах да Беларусі.
Сьвятлана Ціханоўская возьме ўдзел у Беларуска-брытанскім форуме і правядзе брыфінг для амбасадараў.
На час візыту заплянаваныя сустрэчы зь міністрам замежных справаў Джэймзам Клевэрлі, чальцамі парлямэнту і былымі прэм'ер-міністрамі Вялікай Брытаніі Тоні Блэрам і Тэрэзай Мэй.