Канстытуцыйны суд Грузіі прызнаў, што прэзыдэнтка краіны Саломэ Зурабішвілі парушыла Канстытуцыю

Прэзыдэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі, архіўнае фота

Рашэньне аб імпічмэнце цяпер мусяць падтрымаць як мінімум 100 дэпутатаў парлямэнту. Улічваючы, што практычна ўсе апазыцыянэры абяцаюць галасаваць супраць, то кіроўная партыя, імаверна, ня зможа адхіліць Саломэ Зурабішвілі.

Канстытуцыйны суд Грузіі вызначыў, што прэзыдэнтка Саломэ Зурабішвілі парушыла Канстытуцыю, цяпер парлямэнт цягам двух тыдняў павінен разгледзець і прагаласаваць пытаньне аб яе адхіленьні з прэзыдэнцкай пасады.

Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», зварот дэпутатаў парлямэнту падтрымалі шэсьць чальцоў Канстытуцыйнага суду, і тры выступілі супраць.

Рашэньне аб імпічмэнце цяпер мусяць падтрымаць як мінімум 100 дэпутатаў парлямэнта. Улічваючы, што практычна ўсе апазыцыянэры абяцаюць галасаваць супраць, то кіроўная партыя, імаверна, ня зможа адхіліць Саломэ Зурабішвілі.

Канстытуцыйны суд Грузіі пачаў 3 кастрычніка першыя ў гісторыі краіны слуханьні аб імпічмэнце прэзыдэнткі Саломэ Зурабішвілі, які ініцыявала кіроўная партыя «Грузінская мара — Дэмакратычная Грузія» за нібыта парушэньне 52 артыкула Канстытуцыі аб прадстаўніцкіх паўнамоцтвах кіраўніка краіны.

Паводле нацыянальнага заканадаўства Грузіі, для імпічмэнту Зурабішвілі патрэбна падтрымка 100 дэпутатаў. Цяпер у складзе парлямэнту 140 дзейных дэпутатаў, у тым ліку 84 — парлямэнцкая большасьць і 56 — апазыцыя.

Саломэ Зурабішвілі стала прэзыдэнткай Грузіі ў сьнежні 2018 году. Яна нарадзілася ў Францыі ў сям’і грузінскіх палітычных эмігрантаў і каля 30 гадоў працавала дыпляматам у Міністэрстве замежных спраў Францыі. У Грузію яна вярнулася ў 2003 годзе: спачатку ў якасьці амбасадара Францыі, а ў сакавіку 2004 году стала кіраўніком МЗС Грузіі ва ўрадзе Міхэіла Саакашвілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі пачаліся першыя ў гісторыі краіны судовыя слуханьні аб імпічмэнце прэзыдэнткі

Тады ж яна атрымала грузінскае грамадзянства, хоць і захавала францускі пашпарт. У 2013 годзе менавіта праз другое францускае грамадзянства Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ёй у рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. У 2018 годзе яна адмовілася ад францускага пашпарта і атрымала рэгістрацыю для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.

У кастрычніку 2005 году Саломэ Зурабішвілі адправілі ў адстаўку з пасады кіраўніка МЗС, пасьля чаго яна перайшла ў апазыцыю Міхэілу Саакашвілі. У 2018 годзе яна фармальна вылучалася як незалежны кандыдат, але яе кандыдатуру наўпрост падтрымала партыя «Грузінская мара», якая цяпер ініцыявала імпічмэнт.

У сакавіку 2023 году прэзыдэнтка Грузіі падтрымала пратэстоўцаў супраць закону аб замежных агентах, які ініцыявала кіроўная партыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузія спыніла рээкспарт эўрапейскіх аўтамабіляў у Беларусь і Расею