Прэзыдэнт Армэніі Ваагн Хачатуран зацьвердзіў падпісаў закон аб ратыфікацыі Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда, які, сярод іншага, раней выдаў ордэр на арышт Пуціна.
Таксама Хачатуран прыняў заяву аб тым, што Армэнія прызнае правамоцтвы Міжнароднага крымінальнага суда, паведамляецца на сайце прэзыдэнта Армэніі.
Раней ратыфікацыю дакумэнта падтрымаў парлямэнт Армэніі.
Армэнія падпісала Рымскі статут у 1998 годзе, але працэс ратыфікацыі перарваўся ў 2004 годзе пасьля таго, як дакумэнт прызналі супярэчным канстытуцыі Армэніі. У канцы 2022 году ўрад Армэніі аднавіў працэс ратыфікацыі.
Улады Армэніі абгрунтоўвалі неабходнасьць ратыфікацыі Рымскага статута пытаньнямі бясьпекі і падкрэсьлівалі, што ратыфікацыя дазволіць прыцягнуць да адказнасьці ў Міжнародным крымінальным судзе кіраўніцтва Азэрбайджану за магчымыя вайсковыя злачынствы ў Нагорным Карабаху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міжнародным крымінальным судзе заявілі, што Расея перашкаджае прыцягненьню Пуціна да адказнасьці- Міжнародны крымінальны суд сёлета выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна па падазрэньні ў незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею. Гэта азначае, што краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, павінны арыштаваць расейскага прэзыдэнта, калі ён будзе знаходзіцца на іхнай тэрыторыі.
- Міністэрства замежных спраў Расеі накіравала Армэніі ноту пратэсту пасьля таго, як армянскі ўрад накіраваў Рымскі статут у парлямэнт для ратыфікацыі.
- Раней у Крамлі заявілі, што ратыфікацыя Рымскага статуту МКС будзе надзвычай варожым для Масквы рашэньнем. У МЗС Расеі накіравала Армэніі ноту пратэсту і папярэдзіла аб нэгатыўных наступствах для двухбаковых адносінаў.
- У красавіку віцэ-сьпікер парлямэнту Армэніі Акоп Аршакян казаў, што ўлады краіны не зьбіраюцца арыштоўваць Пуціна.