У Ізраілі 8-ы дзень працягваецца вайна. Яна пачалася раніцай 7 кастрычніка з масіраваных ракетных удараў тэрарыстаў з сэктару Газа, заходу баевікоў руху ХАМАС і «Ісламскага джыхаду» на тэрыторыю краіны і захопу як мінімум 120 закладнікаў. У выніку атакі загінулі больш за 1300 ізраільцян, параненыя каля 3500.
У адказ Ізраіль ужо некалькі дзён наносіць масіраваныя авіяўдары па сэктары Газа. Па зьвестак палестынскага боку, за тыдзень вайны загінулі 2215 жыхароў сэктару Газа, 8714 былі параненыя.
Акрамя гэтага, войска абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) 13 кастрычніка паведаміла пра пачатак наземных дзеяньняў у сэктары Газа з мэтай забіць баевікоў ХАМАС і знайсьці закладнікаў. Вайскоўцы ўдакладнілі, што гаворка ідзе пра «кропкавыя рэйды», а не пра маштабную наземную апэрацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое паліцыянтаў, адзін генэрал арміі. Расказваем пра ўраджэнцаў Беларусі, якія загінулі ці пацярпелі ў выніку нападу ХАМАС на ІзраільІзраіль заявіў пра забойства кіраўніка паветраных сіл ХАМАС і яшчэ аднаго з камандзіраў руху
ЦАХАЛ сьцьвярджае, што ў выніку ўдару па сэктары Газа 13 кастрычніка быў забіты кіраўнік паветраных сіл руху ХАМАС Мерад Абу Мерад. Вайскоўцы паведамляюць, што зьнішчальнікі ЦАХАЛ атакавалі апэратыўны штаб ХАМАС у Газе, адкуль баевікі кіравалі сваёй паветранай дзейнасьцю.
У прэс-рэлізе сказана, што Мерад Абу Мерад «падчас суботняй бойні ў значнай ступені адказваў за кіраўніцтва тэрарыстамі».
ЦАХАЛ дадае, што напярэдадні зьнішчальнікі ізраільскага войска нанесьлі шырокамаштабныя ўдары па тэрыторыі сэктару Газа. Паводле ізраільскіх вайскоўцаў, у выніку былі зьнішчаныя дзясяткі аб’ектаў ХАМАС, а таксама баевікі падразьдзяленьня «Нухба».
Пазьней Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) заявіла пра ліквідацыю камандзіра роты элітнага падразьдзяленьня руху ХАМАС «Нухба» Алі Кадзі, які ўзначаліў тэрарыстычны напад у ізраільскіх паселішчах каля сэктару Газа ў мінулыя выходныя. У 2005 годзе Алі быў затрыманы пасьля выкраданьня і забойства ізраільскіх мірных жыхароў і вызвалены ў рамках абмену палоннымі, адзначаецца ў прэс-рэлізе ЦАХАЛ.
Таксама Армія абароны Ізраіля паведаміла аб прадухіленьні спробы неназванай тэрарыстычнай ячэйкі пракрасьціся на тэрыторыю краіны зь Лібану.
Эвакуацыя жыхароў сэктару Газа
Ізраільскія вайскоўцы абвясьцілі, што падаўжаюць яшчэ на 6 гадзін час для эвакуацыі на поўдзень жыхароў поўначы сэктару Газа. Прадстаўнік ЦАХАЛ Авіхай Адраі апублікаваў мапу з двума маршрутамі эвакуацыі: шаша Далдул і Аль-Сана, сьцьвярджаючы, што ў прамежак з 10:00 да 16:00 па мясцовым часе перасоўвацца па гэтых маршрутах будзе бясьпечна.
13 кастрычніка ЦАХАЛ заклікаў жыхароў сэктару Газа эвакуявацца на поўдзень на працягу 24 гадзін. У ААН заявілі, што лічаць немагчымым такое перамяшчэньне людзей «без разбуральных гуманітарных наступстваў».
Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль назваў плян Ізраілю па эвакуацыі за адзін дзень «цалкам нерэалізуемым». «У такой сытуацыі, якая склалася ў Газе, спроба перасяліць мільён чалавек за 24 гадзіны можа абярнуцца толькі гуманітарным крызісам», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фрыдман пра маўчаньне і антысэмітызм Лукашэнкі, чаму ХАМАС для ўладаў не тэрарыстыПрапанова Расеі па вырашэньні канфлікту
На закрытым паседжаньні Рады бясьпекі ААН Расея распаўсюдзіла праект сваёй рэзалюцыі і заклікала да неадкладнага спыненьня агню ў Ізраілі і сэктары Газа.
Расейская служба ВВС піша, што ў дакумэнце ўсяго 5 пунктаў. Расея прапануе неадкладна спыніць агонь, вызваліць усіх закладнікаў, разьмеркаваць гуманітарную дапамогу і бясьпечна эвакуяваць мірных жыхароў, якія маюць у гэтым патрэбу. Адзін з заходніх дыпляматаў сказаў ВВС, што Масква не кансультавалася зь іншымі сябрамі Рады бясьпекі ААН, калі складала тэкст рэзалюцыі. Таксама, паводле яго, Расея «не падтрымлівае большасьць сябраў Рады», бо не згадала ў сваім тэксьце рух ХАМАС.
Пасьля паседжаньня прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Небензя заявіў, што «тое, што адбылося на ізраільскай тэрыторыі 7 кастрычніка, непрымальна» і што Ізраіль мае права на самаабарону. Ён таксама абвінаваціў ЗША ў тым, што адбываецца, і дадаў, што Рада бясьпекі ААН мусіць «прыняць меры для аднаўленьня мірных перамоваў з мэтай стварэньня палестынскай дзяржавы, як гэта меркавалася даўно».
Прадстаўніца Вялікай Брытаніі адзначыла, што праект рэзалюцыі ад Расеі зьявіўся «ўсяго за дзьве хвіліны да пачатку пасяджэньня» і патрэбныя «сурʼёзныя кансультацыі», піша France24.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «І Масква, і пагатоў Менск ня могуць заняць адназначна праарабскую пазыцыю», — Аркадзь МошэсХАМАС ацаніў пазыцыю Пуціна
У тэлеграм-канале руху ХАМАС зьявілася заява, у якой яго прадстаўнікі заявілі, што «цэняць пазыцыю Пуціна» і яго непрыманьня аблогі сэктару Газа, паведамляе CNN.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.