Стала вядомай прычына арышту ў Гомлі журналіста Толчына

Андрэй Толчын

Беларуская асацыяцыя журналістаў за тры апошнія гады зафіксавала 3000 фактаў рэпрэсіяў супраць журналістаў. Сёньня ў Беларусі 34 журналісты за кратамі.

Гомельскага журналіста Андрэя Толчына вінавацяць у шкодзе інтарэсам нацыянальнай бясьпекі. Журналіста затрымалі два тыдні таму і асудзілі на трое сутак, але на волю ён ня выйшаў.


Андрэя Толчына абвінавачваюць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу — «Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», піша БАЖ.

Санкцыі паводле артыкула — да трох гадоў пазбаўленьня волі. Калі будзе прызнана, што такія дзеяньні ўчыненыя з выкарыстаньнем СМІ альбо інтэрнэту, то пакараньне можа быць да пяці гадоў няволі.

Былы журналіст з Гомля Андрэй Толчын ня выйшаў на волю з ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля заканчэньня 72-гадзіннага тэрміну затрыманьня.

Паводле інфармацыі праваабарончага сайту «Гомельская Вясна», яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар № 3 у абласным цэнтры.

Праваабаронцы паведамілі пра затрыманьне Толчына 27 верасьня, але сутнасьць выстаўленых яму прэтэнзій невядомая.

Пасьля падзеяў 2020 году Толчын пакінуў прафэсію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 верасьня: 6 чалавек асудзілі за ўдзел у акцыі 2020 году; у кватэры затрыманага журналіста Толчына правялі ператрус
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты