Агенцтва AFP сабрала пяць рэчаў, якія варта ведаць пра Польшчу, краіну — суседку Беларусі, чальца Эўразьвязу і NATO, у якой жыве 38 мільёнаў чалавек, у тым ліку беларуская нацыянальная меншасьць і ўцекачы ад рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі.
Вяршэнства права
Цяперашні правы папулісцкі ўрад партыі «Права і справядлівасьць» (ПіС), які знаходзіцца ва ўладзе з 2015 году, ініцыяваў рэформу польскай судовай сыстэмы, матывуючы яе неабходнасьцю барацьбы з карупцыяй. Але гэтыя зьмены выклікалі як у Польшчы, так і ва ўстановах Эўразьвязу крытыку з боку юрыстаў, заклапочаных вяршэнствам польскага права.
Урад ПіС абвінавачваюць і асуджаюць за захоп судоў, генэральнай пракуратуры, Вярхоўнага суду і Канстытуцыйнага трыбуналу, а таксама за спробу абмежаваць незалежнасьць судзьдзяў.
Заклапочанасьць вяршэнствам закону не дазваляе Польшчы атрымаць сваю долю сродкаў ЭЗ на аднаўленьне пасьля пандэміі Covid-19 на суму 35 мільярдаў эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларусам трэба ведаць пра выбары ў Польшчы і навоштаМіграцыя
Пасьля таго як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, Польшча адкрыла мяжу з усходнім суседам і прыняла мільёны ўцекачоў адтуль.
Паводле зьвестак польскай памежнай службы, з тых часоў было зарэгістравана каля 16 мільёнаў перасячэньняў мяжы ў Польшчу з Украіны і 14 мільёнаў у адваротным кірунку.
Цяпер у Польшчы пражывае каля мільёна ўкраінскіх уцекачоў, у асноўным жанчыны і дзеці.
Кардынальна іншая сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю, дзе Польшча паставіла плот, каб стрымліваць мігрантаў, абвінаваціўшы Менск у «гібрыдных атаках» і арганізацыі крызісу.
Праваабарончыя арганізацыі абвінавацілі ўрад у Варшаве, што той гвалтоўна адціскае мігрантаў, якія жадаюць нелегальна перасекчы мяжу зь Беларусі, і адмаўляе ў законных хадайніцтвах аб прытулку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы Дуда наведаў польска-беларускую мяжуВайсковая тэхніка
Польшча была адным з асноўных донараў вайсковай тэхнікі ва Ўкраіну і служыла транспартным цэнтрам для зброі, якая паступае ад яе заходніх саюзьнікаў.
Але калі адносіны з Кіевам сапсаваліся, у верасьні Варшава абвясьціла, што будзе ажыцьцяўляць толькі раней узгодненыя пастаўкі боепрыпасаў і ўзбраеньняў.
У той жа час урад «Права і справядлівасьці» працягваў траціць грошы на ўзмацненьне ўласнай арміі, падпісаўшы некалькі пагадненьняў аб пастаўках зброі, галоўным чынам са Злучанымі Штатамі і Паўднёвай Карэяй.
Варшава таксама паабяцала павялічыць вайсковы бюджэт больш як да чатырох працэнтаў ВУП у 2024 годзе і плянуе пабудаваць самую вялікую сухапутную армію ў Эўропе да 2026 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Варшавай разгарнулі сучасныя сыстэмы СПА Patriot — упершыню ў гісторыіКліматычныя нягоды
Польшча застаецца краінай, моцна залежнай ад вугалю — больш за 70 працэнтаў яе вытворчасьці энэргіі грунтуецца на гэтым выкапнёвым паліве — і яна працягвае аспрэчваць эўрапейскія кліматычныя мэты.
Паводле дадзеных экалягічнай некамэрцыйнай арганізацыі Ember, вялікая электрастанцыя Бэлхатаў, якая працуе на бурым вугалі, — «самы буйны выкідач парніковых газаў» у ЭЗ.
Урад Польшчы зрабіў першыя крокі да пераходу з вугалю на іншыя крыніцы энэргіі ў верасьні, калі падпісаў кантракт на будаўніцтва першай у краіне атамнай электрастанцыі.
Першы рэактар плянуецца запусьціць у 2033 годзе.
Польшча плянуе ў канчатковым выніку мець тры атамныя электрастанцыі, кожная з трыма рэактарамі. Яны маюць вырабляць каля 30 працэнтаў усёй энэргіі, прадукаванай у краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаяць у чэргах на перасяленьне зь Беларусі цэлымі вёскамі». Лукашэнка і ўцёкі беларускіх палякаўКасьцёл
Доўгі час Польшча лічылася каталіцкім бастыёнам Эўропы. Але каталіцтва ў ёй памалу здае пазыцыі: за апошнія 10 гадоў колькасьць людзей, якія вызнаюць сябе каталікамі, скарацілася больш як на 16 працэнтных пунктаў.
Паводле апошняга нацыянальнага перапісу насельніцтва 2021 году, толькі 71,3 працэнта палякаў прызналі сябе каталікамі супраць 87,6 працэнта ў 2011 годзе.
Некалі магутная каталіцкая царква цяпер сутыкаецца з крызісам папулярнасьці пасьля шэрагу выпадкаў сэксуальнага гвалту сярод сьвятароў і абвінавачаньняў, што мае льготы з боку кіроўнай партыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага дэпутата не пусьцілі ў Польшчу назіраць за выбарамі, бо ён пад санкцыямі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё адно я вярнуся». Гісторыя лекара, які ў 2016-м пераехаў на радзіму продкаў у Беларусь, а пасьля мусіў эміграваць у Польшчу