Аляксандар Лукашэнка на саміце ў Бішкеку заклікаў на саміце да адзінства ў шэрагах СНД, маўляў, гэта забясьпечыць павагу арганізацыі ўсім сьвеце.
«Успомніце, калі мы былі ў Савецкім Саюзе, нас баяліся ўсе. Баяліся і паважалі. На жаль, сьвет такі, што паважаюць толькі сілу. А цяпер разам з Кітаем, Іранам, Бразыліяй, глябальным Поўднем, якія заходнія санкцыі? З нашай думкай усе будуць лічыцца, калі мы будзем разам. А наша думка ў міжнародных справах будзе вызначальнай», — працытаваў Лукашэнку тэлеграм-канал «Пул первого».
Лукашэнка заявіў, што канфлікты на прасторы СНД нібыта «падкінулі».
«Мы ж бачым, што ўсе застарэлыя канфлікты, якія нам падкінулі ў свой час, непазьбежна выходзяць вонкі зь вельмі сумнымі наступствамі. Дзякуй Богу, што ня проста намеціліся шляхі вырашэньня гэтых канфліктаў, але некаторыя зь іх пасьпяхова разьвязаныя», — заявіў ён.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін тым часам заявіў, што СНД застаецца «надзейным, запатрабаваным і эфэктыўным фарматам супрацы».
Ён дадаў, што Грузія і Ўкраіна, «якія лічацца ў СНД», не працуюць у гэтым фармаце, а Малдова «практычна страціла сваю ідэнтычнасьць». «Але гэта іхны выбар. Украіна ад самага пачатку поўнамаштабна ня ўдзельнічала ў СНД», — сказаў Уладзімір Пуцін.
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян раней заявіў, што ня будзе ўдзельнічаць у саміце СНД, заплянаваным на 13 кастрычніка ў Бішкеку (Кіргізстан). Гэта здарылася пасьля таго, як Азэрбайджан прымусіў капітуляваць армію і ўлады Нагорнага Карабаху, дзе разьмяшчаліся расейскія міратворцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Армэніі не паедзе на сустрэчу СНД, ён заявіў аб адсутнасьці падстаў для пераводу расейскіх міратворцаў у яго краінуХто цяпер застаўся ў СНД
Садружнасьць Незалежных Дзяржаў (СНД) створана ў сьнежні 1991 году пасьля распаду Савецкага Саюзу.
У арганізацыю ўвайшлі 12 колішніх савецкіх рэспублік, за выключэньнем краін Балтыі. Туркмэністан застаўся асацыяваным сябрам, бо дагэтуль не ратыфікаваў статуту СНД.
Цяпер у складзе арганізацыі засталося 9 краін: Грузія выйшла са складу ў 2008 годзе пасьля нападу Расеі на Грузію, Украіна — у 2018 годзе (пачала працэс выхаду ў 2014 годзе пасьля анэксіі Расеяй Крыму). Малдова з траўня 2023 году пачала працэдуру выхаду, але ўжо з 2022 году ня ўдзельнічае ў самітах СНД.