Паводле Дзяніса Карася, яго кандыдатура як сябра дэлегацыі Беларусі ў ПА АБСЭ нібыта была пададзеная ў Парлямэнцкую асамблею АБСЭ, і яго ўключылі ў назіральную місію.
«ПА АБСЭ сфармавала сваю назіральную місію на маючыя адбыцца выбары, у якую мяне ўключылі афіцыйна. Мае дадзеныя былі своечасова перададзеныя ў Цэнтральную выбарчую камісію Польшчы для акрэдытацыі ў якасьці міжнароднага назіральніка па лініі ПА АБСЭ», — цытуе Карася БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларусам трэба ведаць пра выбары ў Польшчы і навоштаДэпутат сьцьвярджае, што не атрымліваў сігналаў аб тым, што ягоная кандыдатура непрымальная.
«Зразумела, любая краіна мае права закрыць уезд на тэрыторыю замежным грамадзянам. Мы гэтага права не аспрэчваем. Аднак да моманту перасячэньня мяжы 12 кастрычніка ні ад польскага боку, ні ад міжнароднага сакратарыяту ПА АБСЭ мы не атрымлівалі ніякіх сыгналаў аб тым, што мая кандыдатура ў якасьці назіральніка не прымальная для польскіх уладаў», — заявіў дэпутат Карась.
Карась называе рашэньне Польшчы не пускаць яго ў краіну недружалюбным крокам і не разумее, чаму так адбылося.
«Мы ацэньваем гэтае рашэньне як чарговы недружалюбны крок, адкрытае самавольства і праяву дыскрымінацыі ў адносінах да міжнародных назіральнікаў. Матывы, якімі кіраваліся польскія ўлады, нам незразумелыя», — заявіў Карась.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць рэчаў, якія варта ведаць пра Польшчу напярэдадні выбараўУ Варшаве абверглі словы Карася
Тэлеканал «Белсат» спраўдзіў інфармацыю Карася: выявілася, што пасьведчаньня міжнароднага назіральніка місіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Карасю не выдавалі і што ён знаходзіцца пад санкцыямі Польшчы.
Зь лістапада 2022 году Карась ня можа пераходзіць мяжу з Польшчай як «непажаданая асоба». У санкцыйны сьпіс ён трапіў згодна з пастановаю Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы.
«У мінулым ён абвінавачваў палякаў у арганізацыі імпрэзаў, якія прысьвячаліся памяці гістарычных асобаў, у прапагандзе фашызму і нацыяналізму, а таксама ў эскаляцыі напружанасьці паміж палякамі і беларусамі на гістарычнай глебе.
Ва ўмовах ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне, матэрыяльна-тэхнічнай і палітычнай дапамогі, якую ўлады Беларусі аказваюць Маскве, а таксама гібрыднай вайны супраць Польшчы гэты чалавек стварае сур’ёзную рызыку правакацыяў або інцыдэнтаў, якія маглі б нанесьці шкоду міжнароднаму іміджу Польшчы», — заявілі ў МУС Польшчы.
У Нацыянальнай выбарчай камісіі Польшчы паведамілі пра Карася:
«Чалавек з такім імем і прозьвішчам не атрымліваў пасьведчаньня міжнароднага назіральніка за подпісам Нацыянальнай выбарчай камісіі».
Парлямэнцкія выбары ў Польшчы пройдуць 15 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адна з самых заўважных у палітыцы». Навошта беларуска-фэміністка ідзе ў парлямэнт ПольшчыЯкія праблемы ў беларуска-польскіх дачыненьнях
- Працягваецца мігранцкі крызіс на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу. У 2023 годзе спынілі больш за 34 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня ў ЭЗ зь беларускай тэрыторыі, у тым ліку ў Польшчу — больш за 21 000.
- 28 жніўня міністры ўнутраных спраў Польшчы і краінаў Балтыі назвалі масавы прарыў нелегальных мігрантаў адной з падставаў для поўнага закрыцьця межаў ЭЗ зь Беларусьсю.
- Аднаго зь лідэраў польскай меншасьці Беларусі Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 году ў Горадні. 8 лютага Пачобута асудзілі на 8 гадоў калёніі. Польшча дамагаецца яго вызваленьня. Калі вырак уступіў у сілу, Польшча заблякавала адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі.
- У ліпені 2023 году ў Беларусі зьмянілі закон «Аб мовах» і скасавалі права вучыцца на мовах нацыянальных мяншыняў. Былыя польскія і літоўскія школы перавялі на расейскую мову навучаньня яшчэ ў мінулым навучальным годзе.
- Улады Беларусі скарацілі пэрсанал польскай амбасады і кансулятаў, у тым ліку загадалі выехаць з краіны амбасадару Артуру Міхальскаму.
- У Беларусі руйнуюць магілы салдат польскай Арміі Краёвай.
- Польшча дала прытулак і гуманітарныя візы дзясяткам тысяч беларусаў, якія ўцякалі ад масавых рэпрэсій у сябе на радзіме.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.