11 кастрычніка 2023 года Берасьцейскі абласны суд пачаў разглядаць крымінальную справу супраць Кацярыны Бруханавай, грамадзянкі Ўкраіны, родам з горада Херсону, піша «Берасьцейская Вясна».
Паводле праваабаронцаў, яна адвучылася ў Кітаі, скончыла там унівэрсытэт у 2015 годзе, а ў 2016 годзе пераехала ў Беларусь. У Беларусі працавала перакладчыцай з кітайскай. На гэты момант Кацярыне 29 гадоў.
25 ліпеня 2023 года Бруханаву затрымалі пры пераходзе беларускай мяжы. Ад яе запатрабавалі на праверку тэлефон, яна дала яго разам з паролямі. Беларускія сілавікі знайшлі, што 30 сакавіка 2022 года яна адправіла два відэа ў чат-бот рэдакцыі выданьня «Зеркало». На відэа было перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі пад Менскам, якое яна зьняла.
За гэтыя два відэа дзяўчыну затрымалі, зьмясцілі ў СІЗА. Ёй выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт.361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), паколькі беларускія ўлады лічаць незалежнае СМІ «Зеркало» так званым «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Кацярына на судзе свае дзеяньні тлумачыла тым, што спалохалася і раззлавалася, калі ўбачыла шмат тэхнікі з літарамі «Z» і «V». Яна расказала, што ў яе на радзіме гэтыя знакі лічацца варожымі. А ў СМІ адправіла таму, што хацела даведацца, што адбываецца, бо нідзе пра рух такой тэхнікі не пісалі.
На судзе ролю пракурора выконваў Аляксандр Бацюшка, вядомы па многіх іншых палітычных справах, у тым ліку прадстаўляў абвінавачаньне на судзе над расейскай грамадзянкай Ірынай Вікхольм, якой прысудзілі калёнію.
Пракурор Бацюшка запатрабаваў для Бруханавай 2 гады 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму.
Судзьдзя Андрэй Сіз мае абвесьціць прысуд 13 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускіх турмах і СІЗА ўтрымліваюць каля 450 грамадзян Расеі, у тым ліку палітвязьняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суткі і штрафы за рэпосты, крымінальныя справы за інтэрвію. Як у Беларусі караюць за ўзаемадзеяньне зь незалежнымі СМІ