Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 12 кастрычніка ўжо прыбыў з афіцыйным візытам у Кіргізстан, гэта першы ягоны замежны візыт пасьля таго, як Міжнародны крымінальны суд выпісаў ордэр на ягоны арышт за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у ходзе ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Аб прыезьдзе Аляксандра Лукашэнкі ў Бішкек пакуль не паведамляецца. Лукашэнка раней сьцьвярджаў, што ў Бішкеку расейскі кіраўнік выдзеліць час і яму, але такой двухбаковай сустрэчы не чакаецца, піша расейскае выданьне «Ведомости».
У канцы верасьня Аляксандр Лукашэнка казаў, што падчас саміту СНД Пуцін знойдзе час і для яго, але, як расказаў памочнік Пуціна Юрый Ушакоў, такой двухбаковай сустрэчы ў плянах расейскага кіраўніка няма.
Пры гэтым раней перамовы Пуціна і Лукашэнкі ў Бішкеку таксама анансавалі ў Крамлі.
«Можам пацьвердзіць, сапраўды, такая паездка (у Кіргізстан) у прэзыдэнта Пуціна плянуецца, і плянуецца там сустрэча з Лукашэнкам», — казаў прэсавы сакратар расейскага кіраўніка Дзьмітрый Пяскоў.
Прэзыдэнт Расеі прабудзе ў Кіргізстане да 13 кастрычніка. 12 кастрычніка ў Бішкеку адбудуцца яго двухбаковыя перамовы з кіргізстанскім прэзыдэнтам Садырам Жапаравым, а таксама з кіраўніком Азэрбайджану Ільхамам Аліевым. Прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньнян скасаваў свой прыезд на саміт СНД пасьля крызісу з Нагорным Карабахам, у якім Расея яго не падтрымала.
13 кастрычніка Лукашэнка і Пуцін прымуць удзел у пасяджэньні Савету кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое пройдзе ў вузкім і пашыраным складах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Армэніі не паедзе на сустрэчу СНД, ён заявіў аб адсутнасьці падстаў для пераводу расейскіх міратворцаў у яго краіну