Славацкі палітык-папуліст, які выступае за спыненьне вайсковай дапамогі Ўкраіне, блізкі да стварэньня кааліцыі і пасады прэм’ера

Робэрт Фіца на фоне эмблемы сваёй партыі SMER (smer па-славацку «кірунак»)

Папулісту Робэрту Фіца, праўдападобна, удасца сфармаваць урад і ўзначаліць кабінэт міністраў Славаччыны.

У аўторак пачаліся афіцыйныя перамовы партыі Робэрта Фіца «SMER — Славацкая сацыял-дэмакратыя» зь дзьвюма іншымі палітычнымі партыямі. Разам яны маюць большасьць у парлямэнце. Славацкае выданьне Pravda.sk лічыць пытаньне аб фармаваньні кааліцыі фактычна разьвязаным, невядомае толькі разьмеркаваньне міністэрскіх партфэляў.

Вырашальнаю стала пазыцыя былога паплечніка Фіца ў партыі Пэтэра Пэлегрыні, цяпер лідэра левацэнтрысцкай партыі «Голас», якая заняла трэцяе месца на выбарах. Ён і яго аднапартыйцы вырашылі ўступіць у кааліцыю зь Фіца і Славацкай нацыянальнай партыяй, якая выступае з прарасейскіх пазыцыяў.

Супернікі Фіца — па-эўрапейску настроеныя лібэралы і кансэрватары — прапаноўвалі Пэлегрыні стварыць кааліцыю зь імі і нават прапаноўвалі яму пасаду прэм’ера. Той адмовіўся.

Партыя Фіца, які ў мінулым ужо быў прэм’ер-міністрам, нядаўна перамагла на выбарах і атрымала ад прэзыдэнта Зузаны Чапутавай мандат на фармаваньне ўраду. Чакаецца, што будучы кабінэт пад яго кіраўніцтвам прынамсі часткова перагледзіць палітыку стасоўна Ўкраіны.

Фіца выступае за поўнае спыненьне вайсковай дапамогі Кіеву. Яго перамогу раней вітаў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, які займае падобную пазыцыю адносна вайны ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славаччына прыпыняе вайсковую дапамогу Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўручыць славацкі амбасадар даверчыя лісты Лукашэнку — камэнтар экспэрткі да выбараў у Славаччыне