Адказваючы на судовую пэтыцыю праваабарончай арганізацыі Freedom Now і міжнароднай юрыдычнай фірмы Dechert LLP, ААН прыйшла да высновы, што «арышт і затрыманьне спадара Лосіка грунтаваліся выключна на яго журналісцкай дзейнасьці і рэалізацыі ім свабоды выказваньня думак і асацыяцыяў».
«Мы вітаем рашэньне Рабочай групы», — сказаў супрацоўнік праўнага аддзелу Freedom Now Адам Лхэдмат.
«Незаконнае затрыманьне Ігара Лосіка сьведчыць, што прэзыдэнт Лукашэнка [арганізацыя называе Аляксандра Лукашэнку «прэзыдэнтам», хаця Эўразьвяз, ЗША і шэраг іншых дзяржаваў лічаць, што на чале Беларусі знаходзіцца асоба, якая незаконна ўтрымлівае ўладу і ня ёсьць легітымным кіраўніком краіны. — заўв. РС] працягвае наступ на свабоду прэсы ў Беларусі. На жаль, Ігар толькі адзін з многіх журналістаў у зьняволеньні ў краіне, якая ня раз выкарыстоўвала судовую сыстэму для пакараньня іншадумства. Заклікаем урад выканаць рашэньне Рабочай групы і неадкладна вызваліць Лосіка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бяда ў Менску»,— кіраўнік Радыё Свабода напісаў пра Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка ў часопісе «American Purpose»Да арышту Ігар Лосік працаваў кансультантам Радыё Свабода і кіраваў інфармацыйным тэлеграм-каналам «Беларусь галаўнога мозгу». Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе гэта быў другі паводле праглядаў тэлеграм-канал у краіне.
25 чэрвеня 2020 году Лосіка арыштавалі і спачатку абвінавацілі ў «парушэньні грамадзкага парадку» за выкарыстаньне каналу нібыта дзеля масавых беспарадкаў напярэдадні выбараў. Падчас затрыманьня Лосік быў пад вартай бяз права зносін і, як паведамляецца, пад пагрозай фізычнай расправы, на яго і яго сям’ю чынілі ціск, каб ён прызнаўся ў выстаўленых абвінавачваньнях.
Вызваліць Лосіка заклікалі Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, Хэльсынская камісія ЗША, Камісія правоў чалавека Тома Лантаса, кангрэсмэн ЗША Біл Кітынг, сьпікер Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн, Агенцтва глябальных СМІ ЗША і іншыя.
У студзені 2023 году суд прысудзіў жонцы Лосіка Дар’і два гады пазбаўленьня волі з абвінавачаньнем у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Палітычна матываваныя абвінавачаньні зьвязаныя з спробамі Дар’і хадайнічаць аб вызваленьні мужа. Эўразьвяз назваў прысуд «ганебным».
Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.