Яна Шостак — госьця этэру «Свабоды Premium».
Яна Шостак — мастачка-акцыяністка, вырасла ў Горадні. У яе польскае паходжаньне, але сябе Яна ідэнтыфікуе і як польку, і як беларуску — беларускую польку. У 2020 годзе яна стала вядомай праз мастацкую акцыю крыку ў грамадзкіх месцах. Яна актыўна ўдзельнічала ў дапамозе палітычным уцекачам зь Беларусі, а пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пайшла ў валянтэры, каб дапамагаць украінцам. Яна Шостак пасьпяхова прыцягвае ўвагу СМІ. Днямі пра яе выйшаў артыкул у адным з самых прэстыжных выданьняў сьвету, брытанскай газэце «The Guardian». У польскіх СМІ яе нядаўна назвалі «адной з самых цікавых зьяваў польскай палітыкі».
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Першую спробу трапіць у Сэйм Яна Шостак зрабіла са сьпісу памяркоўна-лібэральнай «Грамадзянскай кааліцыі», на чале якой стаіць былы польскі прэм’ер Дональд Туск. Шостак балятавалася ў Падляскім ваяводзтве, дзе жыве шмат беларусаў. Але пасьля прапановы легалізаваць аборты ў Польшчы яна страціла месца ў сьпісе. У кааліцыі наконт гэтага пазыцыя больш стрыманая.
«Мне крыўдна за тое, якім чынам мне паведамілі, што я больш не кандыдатка. Я пра гэта даведалася ад СМІ, журналістаў і журналістак. Са мной ніхто спачатку не размаўляў. Але мне прапанавалі пасьля гэтага месца ад палітычнай сілы „Левыя“. Я беспартыйная і вельмі гэтым ганаруся, як вольная беларуская полька», — кажа Шостак.
Яна балятуецца па Познанскай акрузе, на захадзе краіны, якая звычайнай аддае перавагу лібэралам або левым. У беларускі 11-е месца ў сьпісе з 20 прадстаўнікоў «Левых».
«Мая матывацыя — прадстаўляць іншаземцаў, вольных беларусаў, беларусак, людзей з Украіны і іншых краін, быць іх голасам у польскім Сэйме. Кожны беларус ці беларуска, якія маюць польскае грамадзянства і якім падабаецца мая праграма, могуць прывезьці свой голас у Познань. Да 12 кастрычніка ў Польшчы можна зьмяніць месца галасаваньня. Я іду, каб будаваць масты, а не муры — гэта мой асноўны лёзунг», — кажа Яна Шостак.
На папярэдніх выбарах у 2019 годзе ў Сэйм са сьпісу «Левых» трапілі толькі дзьве першыя кандыдаткі. Але Яна спадзяецца, што здабудзе дэпутацкі мандат. Найперш таму, што Познань — вельмі прагрэсіўны горад, а Яна праводзіць вельмі арыгінальную кампанію. Беларуская полька спадзяецца стаць трэцяй кандыдаткай, якая здабудзе мандат для «Левых» у Познані.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларусам трэба ведаць пра выбары ў Польшчы і навошта