Сілавікі затрымалі старэйшую навуковую супрацоўніцу Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Зарыну Канапацкую.
На відэа, запісаным пад прымусам сілавікоў, жанчына кажа, што «займалася выключна сваёй навуковай дзейнасьцю, скончыла дактарантуру і рыхтавала ўжо да абароны манаграфію ў тэматыцы аб беларускіх татарах».
Яе прымусілі сказаць, што яна вінаватая ў тым, што была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы і знаёмілася зь іх зьместам.
Сілавікі вінавацяць яе ў падпісцы на чат-бот пляну «Перамога» і ў тым, што яна «знаходзілася побач зь мітынгамі», фатаграфавалася на фоне «пратэставага натоўпу і пратэставай сымболікі».
Неўзабаве манаграфія Зарыны Канапацкай павінна выйсьці ў сьвет. Яна вядомы гісторык.
45-гадовая Зарына — дачка Ібрагіма Канапацкага (1949–2005), знанага дзеяча супольнасьці беларускіх татараў. Ён быў пачынальнікам адраджэньня татарскай культуры ў Беларусі. З канца 80-х гадоў працаваў дзеля стварэньня таварыства «Аль-Кітаб» і мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня Рэспублікі Беларусі.
Таксама Ібрагім Канапацкі быў рэдактарам квартальніка «Байрам» і намесьнікам муфція краіны, узначальваў грамаду беларускіх татараў у Менску, збудаваў мячэт у Сьмілавічах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падкаст Арлова. Небеларусы па пашпарце ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія татары памятаюць Вітаўта. Рэпартаж зь Іўя — самага мусульманскага мястэчка Беларусі