Расейская вайсковая кампанія «Редут», якую ў публічнай прасторы лічылі прыватнаю, падпарадкоўвалася міністэрству абароны Расеі.
Як адзначаецца ў супольным расьсьледаваньні ўкраінскага і расейскага праектаў Радыё Свабода «Схеми» і «Система», кампанія створаная на загад міністэрства абароны Расеі, а кіравала ёю галоўнае ўпраўленьне генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Расеі.
Паводле расьсьледнікаў, гэтая кампанія ахоплівае ня менш за 20 узброеных фармаваньняў зь дзясяткамі тысяч вайскоўцаў.
Сярод іх групоўкі, зьвязаныя з 16-й брыгадай спэцыяльнага прызначэньня галоўнага выведнага ўпраўленьня (атрады «Волки» і «Тигры»), казачыя фармаваньні («Листань» і «Скиф»), падразьдзелы «Саюзу добраахвотнікаў Данбасу» («Бригада Святого Георгия») і асобныя фармаваньні, як «Троя» і «Ветераны». Апроч таго, сьцьвярджаюць журналісты, да канца 2022 году паводле сыстэмы «Редут» камплектавалася нэанацысцкая групоўка «Русич».
У сваім расьсьледаваньні журналісты абапіраліся на паказаньні захопленых у палон расейцаў, якія наймаліся на службу праз кампанію «Редут», а таксама ўнутраных дакумэнтаў, знойдзеных у вызваленых ад расейскай акупацыі паселішчах Харкаўскай вобласьці.
«Пра тое, што ўся гэтая схема вэрбаваньня «паводле сыстэмы „Редут“ — не прыватная самадзейнасьць асобных энтузіястаў, а дзяржаўная праграма, якою наўпрост апякуюцца міністэрства абароны і галоўнае выведнае ўпраўленьне, журналістам расказалі пяць рэкрутаў з розных атрадаў. Яны сьцьвярджаюць, што грошы плаціць непасрэдна міністэрства абароны», — адзначаецца ў расьсьледаваньні.
Журналісты сьцьвярджаюць, што кампанію «Редут» пачалі ствараць увосень 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алігархі, сярод якіх Міхаіл Гуцэрыеў, пастаўляюць расейскаму войску наймітаў — расьсьледаваньнеХто кіраваў
Сярод кіраўніцтва вайсковай кампаніі «Редут» журналісты ідэнтыфікавалі супрацоўніка генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Расеі, колішняга супрацоўніка выведкі, а таксама супрацоўніка структуры, якая адказвае ў расейскім генэральным штабе за мабілізацыю і камплектацыю войскаў.
Галоўным жа куратарам сыстэмы «Редут» журналісты назвалі намесьніка кіраўніка галоўнага выведнага ўпраўленьня Ўладзіміра Аляксеева — аднаго з тых, хто вёў перамовы зь Яўгеніем Прыгожыным у часе мяцяжу вагнэраўцаў у чэрвені 2023 году. Але з таго часу Аляксеева ніколі ня бачылі на публіцы.
Да расьсьледаваньня сьцьвярджалі, што «Редут» — ахоўная кампанія
Беларус Максім Зязюльчык, які трапіў ва ўкраінскі палон у верасьні 2022 году, служыў у згаданым вышэй атрадзе «Ветеран» вайсковай кампаніі «Редут». Ён сьцьвярджаў, што ПВК «Редут» стваралася выключна для ахоўных функцыяў, але пасьля расейскага ўварваньня ў лютым 2022 году яе пачалі залучаць у поўнамаштабныя баявыя дзеяньні.
21 лютага 2023 году ў Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі грамадзянін Беларусі Максім Зязюльчык, якога ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы пры вызваленьні ад расейскіх акупантаў Ліманскага раёну Данецкай вобласьці, быў супрацоўнікам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Паводле ягонай легенды, ён меў дзейнічаць пад выглядам замежнага найміта, каб сабраць інфармацыю аб узорах замежнага ўзбраеньня, якія атрымліваюць падразьдзелы Ўзброеных сілаў Украіны ад заходніх партнэраў, а таксама «выведаць пляны магчымага ўдзелу расейскіх прыватных кампаніяў у спробах адхіліць ад улады самаабвешчанага прэзыдэнта Лукашэнка». Сабраную выведную інфармацыю ён павінен быў перадаваць у Менск праз сувязнога.
Паводле СБУ, Максім Зязюльчык жыў у Менскай вобласьці, а ў сьнежні 2020 году яго прынялі на службу 2-га антытэрарыстычнага аддзелу КДБ на пасаду «выведніка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ: асуджаны на 10 гадоў беларус Зязюльчык, які ваяваў супраць Украіны, быў агентам КДБКампанію «Редут» падазравалі ў сувязі зь Беларусьсю
У лютым 2023 году ЗША ўвялі санкцыі супраць Расеі і трэціх краін, якія падтрымалі расейскую агрэсію. Агулам пад абмежаваньні трапілі 200 фізычных і юрыдычных асобаў.
У санкцыйны сьпіс тады ўключылі ўраджэнца Беларусі, кіраўніка расейскага міністэрства разьвіцьця Далёкага Ўсходу і Арктыкі Аляксея Чакункова. Ён нарадзіўся ў Менску, ягоны бацька Алег Чакункоў быў беларускім дыпляматам, у 1998–2001 гадах займаў пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Віетнаме.
Таксама ў сьпісе апынулася прыватная вайсковая кампанія «Редут». Нягледзячы на тое, што яна зарэгістраваная ў Маскве, у міністэрстве фінансаў ЗША палічылі, што яна мае сувязі зь Беларусьсю (побач з назвай кампаніі ў санкцыйным сьпісе ўказаная ў тым ліку Беларусь).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад санкцыі ЗША трапіў ураджэнец Беларусі і прыватная вайсковая кампанія, у якой ваявалі беларусы