10 кастрычніка ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня.
У супольнай заяве Эўразьвязу і Рады Эўропы з гэтай нагоды зазначана, што Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, дзе стасуюць сьмяротнае пакараньне.
«ЭЗ і Рада Эўропы выказваюць шкадаваньне, што Беларусь другі раз меней чым за адзін год пашырыла сфэру прымяненьня сьмяротнага пакараньня, гэтым разам за дзяржаўную здраду дзяржаўных службоўцаў і вайскоўцаў».
Тым часам працягваецца кампанія «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі». Як піша «Вясна», да яе далучыўся вядомы музыка, грамадзкі дзяяч і лідэр расейскага гурту «Машина времени» Андрэй Макарэвіч.
«Я ўвогуле лічу, што чалавек ня мае права пазбаўляць іншага чалавека жыцьця. Гэта не яго прывілей. Яны шмат на сябе бяруць. Таму я заўсёды быў супраць [сьмяротнага пакараньня] і супраць застаюся», — выказаўся праваабаронцам лідэр гурта «Машина времени».
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда адзначае, што важна працягваць казаць пра сьмяротнае пакараньне і ў сёньняшнім кантэксьце рэпрэсіяў у Беларусі.
«Таму падтрымка кампаніі беларускім грамадзтвам і міжнароднай супольнасьцю вельмі важная, каб павялічыць шанцы быць пачутымі.
Наяўнасьць сьмяротнага пакараньня ў сучаснай Беларусі — важны паказьнік той сыстэмы гвалту і рэпрэсіяў, якая існуе ў нашай краіне. Вельмі важна гаварыць і нават крычаць пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. І дзякуй усім беларусам і беларускам, якія падтрымліваюць нас, гавораць і дзейнічаюць», — кажа праваабаронца Андрэй Палуда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчык ААН: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася на фоне вайны Расеі супраць Украіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International зарэгістравала найбольшую колькасьць сьмяротных выракаў у сьвеце з 2017 году. А як у Беларусі?