Ізраіль гаворыць пра аднаўленьне кантролю на мяжы з Газай, у якой больш за 190 тысяч чалавек пакінулі свае дамы

Палестынскія баевікі зносяць агароджу на мяжы з Ізраілем, 7 кастрычніка 2023 г.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што амаль цалкам аднавілі кантроль над тэрыторыяй на поўдні краіны і аднавілі поўны кантроль над мяжой з сэктарам Газа. Таксама яны заявілі, што заблякавалі два тунэлі, якімі баевікі ХАМАС пранікалі на тэрыторыю дзяржавы.

Прэс-сакратар ЦАХАЛ Рычард Хэхт заявіў, што 1500 целаў баевікоў ХАМАС знойдзеныя на ізраільскай тэрыторыі, і ніводзін з баевікоў ХАМАС не перайшоў на тэрыторыю Ізраілю зь вечара панядзелка, хоць пранікненьне па-ранейшаму магчымае.

Хэхт сказаў, што вайскоўцы нанесьлі ўдары па сотнях аб’ектаў ХАМАС уначы ў раёне Газы Сіці Рымаль, дзе знаходзіцца шмат міністэрстваў і ўрадавых будынкаў ХАМАС. Ён сказаў, што перад ударамі жыхароў апавясьцілі праз сацыяльныя сеткі аб эвакуацыі. Ён выказаў здагадку, што палестынцы павінны паспрабаваць выехаць празь пераход Рафах, хоць не ўдакладніў, куды яны пойдуць і як будуць выкарыстоўваць пераход, які пэрыядычна закрываецца.

Ізраіль афіцыйна абвясьціў вайну ХАМАС у нядзелю. З словаў уладаў кожнага боку, у выніку ваенных дзеяньняў у Ізраілі загінулі каля 900 чалавек і больш за 680 чалавек у Газе.

У выніку ізраільскага авіяўдару ў горадзе Газа загінулі два палестынскія журналісты, паведамляе палестынскае інфармацыйнае агенцтва Wafa. Яно ідэнтыфікавала журналістаў як рэдактара Саіда Аль-Таўіла і фатографа Махамэда Сабіха. Авіяўдар нанесьлі недалёка ад раёну, дзе разьмяшчаюцца некалькі офісаў СМІ.

Паведамляецца, што трох палестынскіх журналістаў застрэлілі ў суботу падчас рэпартажу ў Газе. Камітэт абароны журналістаў з спасылкай на палестынскія групы абароны свабоды прэсы апазнаў двух зь іх як фатографа Ібрагіма Махамада Лафі і рэпартэра Махамада Джаргуна. Таксама забіты незалежны рэпартэр Махамад Эль-Салхі.

Вайскоўцы Ізраілю сярод знойдзеных целаў пасьля баёў ідэнтыфікавалі намесьніка камандуючага Аліма Абдалу, але не ўдакладняюць абставінаў яго смерці.

Палестынскія баевікі з групоўкі «Ісламскі джыхад» 9 кастрычніка прабраліся зь Лібану ў Ізраіль, што выклікала ізраільскі абстрэл паўднёвага Лібану. Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» заявіла, што пяць яе чальцоў забітыя, і яна адпомсьціла ракетным і мінамётным залпам церазь мяжу па дзьвюх базах ізраільскай арміі , перадае Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кібуцы Бээры на поўдні Ізраілю знайшлі больш за 100 целаў загінулых жыхароў

Згодна з справаздачай офісу ААН у каардынацыі гуманітарных пытаньняў, паколькі ў адказ ізраільскія авіяўдары працягваюцца, больш за 187 500 чалавек мусілі пакінуць свае дамы ў Газе з пачатку канфлікту.

Агенцтва ААН у справах палестынскіх уцекачоў прымае больш за 137 000 чалавек у школах па ўсёй тэрыторыі. У дакладзе гаворыцца, што авіяўдары зьнішчылі 790 жылых дамоў і сур’ёзна пашкодзілі 5330. Пашкоджаньне аб’ектаў водазабесьпячэньня, санітарыі і гігіены ў Газе пазбавіла камунальных зручнасьцяў больш чым 400 000 чалавек.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што выявілі два тунэлі, якія выкарыстоўвалі баевікі ХАМАС для пранікненьня на тэрыторыю Ізраілю. Гэтая навіна прыйшла празь дзень пасьля таго, як 70 баевікоў праніклі ў кібуц Бээры ў панядзелак увечары. Невялікая фэрмэрская супольнасьць стала пунктам канфлікту — сцэнай супрацьстаяньня закладнікаў падчас нападу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць пацярпелых у Ізраілі беларусаў вырасла да трох чалавек