У Горадні таксама пачалі дэмантаваць вулічныя паказальнікі зь беларускай лацінкай

Вулічныя паказальнікі ў Горадні. Архіўнае фота

Раней беларуская лацінка зьнікла зь некаторых станцыяў мэтро і прыпынкаў грамадзкага транспарту ў Менску.

Улады ў Менску і іншых гарадах працягваюць змагацца зь беларускай лацінкай. Цяпер чарга дайшла да Горадні. Сярод галоўных ініцыятараў кампаніі — прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава.


Сёлета ў красавіку была прынята ўрадавая пастанова «Аб перадачы назваў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і расейскай моваў на іншыя мовы». Пасьля гэтага лацінка стала зьнікаць зь некаторых прыпынкаў у Менску, а таксама з шыльдаў у мэтро.

Як заўважыла «Наша ніва», днямі паказальнікі з лацінкай пачалі зьнікаць у Горадні.

Турыстаў, якія прыехалі ў горад у мінулыя выхадныя, сустракалі пустыя слупы, піша выданьне. Раней на іх месьціліся паказальныя знакі з назвамі вуліц і славутасьцей, інфармацыя пісалася на беларускай мове кірыліцай і лацінкай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны камітэт маёмасьці скасаваў беларускую лацінку ў трансьлітарацыі геаграфічных назваў

Раней старшыня Менскага гарвыканкаму Ўладзімер Кухараў заявіў, што ў мэтрапалітэне зьявяцца паказальнікі на расейскай мове:

«Цяпер праводзім гэтую працу на прыпыначных пунктах. Адначасова яе не зрабіць празь вялікі аб’ём. Пытаньне адпрацоўваем сыстэмна. У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам мы яго ўрэгулюем», — сказаў Кухараў.

Чакаецца, што ў менскім мэтро зьменяць паказальнікі зь беларускай лацінкай, трансьлітарацыю выканаюць паводле новых правілаў, зацьверджаных пастановаю Дзяржаўнага камітэту маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскім мэтро зрабілі паказальнікі на беларускай і расейскай мовах, без лацінкі. ФОТА

Адмяніць «Інструкцыю ў трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі літарамі лацінскага альфабэту» дамагаліся прарасейскія актывісткі Вольга Бондарава і Юлія Дударэнка. Улады некалькі месяцаў працавалі над зьменамі.

Дзяржаўны камітэт маёмасьці прыняў рашэньне 24 сакавіка, дакумэнт апублікавалі 4 красавіка. Пастанову ўзгаднілі МУС, МЗС, Міністэрства культуры і Акадэмія навук Беларусі.

Трансьлітарацыю цяпер можна рабіць і з расейскай мовы. Такім чынам, новы дакумэнт зацьвердзіў інструкцыю, паводле якой цяпер мусіць адбывацца трансьлітарацыя геаграфічных назваў зь беларускай і расейскай на іншыя мовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лацінка ў мэтро і цемра ў галовах