«Журы правяло фундамэнтальную працу, каб абраць з пятнаццаці моцных намінантаў шасьцярых, якія ўвайшлі ў кароткі сьпіс. Тыя, хто сачыў за прэміяй раней, ведаюць: наступны крок — вызначэньне ляўрэатаў», — адзначылі ў сваім паведамленьні арганізатары прэміі.
У шасьцёрцы наймацнейшых пісьменьнікаў XII сэзона літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця:
- Алег Дашкевіч з кнігай «З вышыні птушынага палёту» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
- Сяргей Лескець з кнігай «Шэпт» (Мінск: выдавецкая ініцыятыва «Вільма» супольна з Р. Цымбераў, 2022)
- Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022)
- Сьцяпан Стурэйка з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя» (Мінск: Янушкевіч, 2022)
- Іна Снарская з кнігай «Зачараваны скарб» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
- Макс Шчур з кнігай «Там, дзе нас няма» (Логвінаў, 2022)
Сярод 15 намінантаў разглядаліся і тры кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды», але яны ня трапілі ў кароткі сьпіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды» — сярод намінантаў на прэмію Гедройця ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды
Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца з 2012 году. Яе ляўрэатамі ў розныя сэзоны станавіліся Ўладзімер Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась у конкурсе перамог журналіст Свабоды Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая».