Паводле дэпутата, якога цытуе Белта, неабходна падлічыць усіх забітых да аднаго.
«Я наўмысна пазьбягаю тэрміна „палякамі“. Польскімі нацыяналістамі, якія былі ў гэтых атрадах, тых, хто забіваў беларусаў толькі за тое, што яны „мелі нахабства“ жыць на сваіх адвечных землях ад Стоўбцаў да Беластока. Мы павінны, я глыбока перакананы, стварыць такі мэмарыял плачу. У Беластоку нам, натуральна, не дазволяць, у Пухалах нам не дазволяць, але мы павінны зрабіць гэты міні-мэмарыяльны комплекс, дзе павінен быць пералік усіх зьнішчаных, усіх спаленых вёсак», — сказаў Ігар Марзалюк.
Пасьля Другой сусьветнай вайны, у студені 1946 году, аддзел антысавецкага польскага партызана Рамуальда Райса «Бурага» забіў групу мясцовых праваслаўных беларусаў. Агулам забілі 30 чалавек. 1 лютага 1946 жаўнеры «Бурага» спалілі вёскі Залешаны і Выганоўскую Вольку на Падляшшы. Усе імёны забітых гісторыкі ў Польшчы ўсталявалі дзясяткі гадоў таму. Пра гэтыя злачынствы апублікаваныя кнігі і навуковыя артыкулы.
Заява Марзалюка можа ўводзіць у зман, паколькі помнікі ў гонар забітых польскімі нацыяналістамі беларусаў у Польшчы даўно стаяцць. Ахвяры забойства ў Пухалах спачываюць на вайсковых могілках у Бельску Падляскім, дзе ўсталяваны помнік зь імёнамі ўсіх забітых, каля якога штогод адбываюцца жалобныя мерапрыемствы.
Ёсьць помнік забітым беларусам і ў вёсцы Залешаны.
У 2019 годзе, калі Польшчу наведаў тагачасны старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч, ён стаў каля гэтага помніка на калені, каб ушанаваць памяць беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я прыехаў укленчыць перад ахвярамі». Мясьніковіч наведаў Падляшша і ўсклаў кветкі да помніка забітым беларусамКамуністычныя ўлады Польшчы арыштавалі «Бурага ў лістападзе 1948. У кастрычніку 1949 году яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне. Прысуд быў выкананы 30 сьнежня 1949.
У 1995 годзе, на хвалі рэабілітацый асуджаных камуністамі ўдзельнікаў антыкамуністычнага супраціву ў Польшчы, Вайсковы суд у Варшаве скасаваў сьмяротны прысуд «Бураму» і рэабілітаваў яго, афіцыйна заявіўшы, што палячы беларускія вёскі і забіваючы мірнае насельніцтва, Ромуальд Райс знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасьці, якая прымушала яго рабіць дзеяньні не заўсёды адназначныя этычна». Польская дзяржава выплаціла фінансавую кампэнсацыю сыну Ромуальда Райса за сьмерць бацькі.
Сьледзтва ў справе крывавага рэйду «Бурага» ў поскамуністычнай Польшчы доўгія гады вёў Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП) — інстытуцыя, якая займаецца «злачынствамі супраць польскай нацыі». Інстытут спыніў гэтае сьледзтва ў 2005 годзе, зрабіўшы выснову, што дзеяньні «Бурага» ў студзені-лютым 1946 на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойцы і ахвяры. Факты пра «выклятых жаўнераў», якія ў 1946 годзе забівалі і палілі беларусаў Беласточчыны