«Мы рашуча асуджаем напады ХАМАС на Ізраіль, якія прывялі да шырокамаштабных разбурэньняў і трагічнай гібелі нявінных людзей», – напісала Сьвятлана Ціханоўская ў Твітары.
Яна зазначыла, што «стойкасьць і сіла ізраільскага народу прабіваюцца скрозь нягоды» і выказала спачуваньні сем'ям загінулых.
Беларускае МЗС выказала «сур'ёзную занепакоенасьць» у сувязі з «рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Ізраілі, якое суправаджаецца чалавечымі ахвярамі».
«Лічым непрымальнай любую праяву агрэсіі, а ахвяры сярод мірнага насельніцтва – недапушчальнымі, – заявіла МЗС. – Заклікаем бакі супрацьстаяньня зрабіць тэрміновыя захады для дээскаляцыі напружанасьці ў рэгіёне».
Раней супрацоўнікі амбасады Беларусі ў Ізраілі паведамілі, што ня маюць інфармацыі пра тое, што сярод пацярпелых падчас канфлікту ў Ізраілі ёсьць грамадзяне Беларусі.
- Раніцай 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў масавы ракетны абстрэл з боку сэктара Газа. Сотні пацярпелых, больш за 100 загінулі. Баевікі руху ХАМАС зайшлі на тэрыторыю краіны. Ёсьць паведамленьні аб захопе закладнікаў і забойствах ізраільскіх вайскоўцаў. Ізраільская армія наносіць авіяудары ў адказ па сэктары Газа.
- У краіне абвешчанае надзвычайнае становішча, прэмʼер-міністар Ізраіля назваў тое, што адбываецца, вайной і абвясьціў мабілізацыю рэзэрвістаў.