Ізраіль абстралялі ракетамі, у краіну зайшлі баевікі. Прэм’ер заявіў пра «стан вайны». Склікаюць Раду Бясьпекі ААН

З раніцы 7 кастрычніка палестынская групоўка ХАМАС, якая кантралюе сэктар Газа, канцэнтравана абстрэльвае Ізраіль, ізраільская армія наносіць авіяудары ў адказ па сэктары Газа, піша CNN. Ёсьць загінулыя, сотні пацярпелых, людзям раяць не пакідаць бамбасховішчаў у дамах. У Ізраілі аб’явілі стан вайны і ўвялі надзвычайнае становішча.

Уварваньне з тэрыторыі Газы адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.

Абнаўляецца:

22:14 – Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў з кароткай заявай, у якой сказаў аб поўнай падтрымцы Вашынгтонам Ізраіля. Паводле Байдэна, Ізраіль «мае права абараняць сябе і сваіх людзей, а падтрымка бясьпекі Ізраіля з боку Вашынгтона «трывалая і непахісная». Байдэн таксама папярэдзіў «трэція бакі», відавочна маючы на ўвазе Іран, аб недапушчальнасьці ўмяшаньня.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен пагаварыў па тэлефоне з кіраўніком Палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам. Той заявіў, што «несправядлівасьць» Ізраілю да палестынцаў прывяла да цяперашняй эскаляцыі. ХАМАС, які кантралюе сэктар Газа, не падпарадкоўваецца Абасу і яго адміністрацыі.

21:32 – «Талібан» зьвярнуўся да Ірану, Ярданіі і Іраку з просьбай прапусьціць свае войскі ў Ізраіль, каб дапамагчы ХАМАС «заваяваць Ерусалім», – The Jerusalem Post

21:00 – Абноўленыя лічбы ахвяраў з абодвух бакоў канфлікту

Міністэрства аховы здароўя Ізраілю паведаміла, што ў выніку атак ХАМАС загінулі як найменш 150 чалавек. The Times of Israel называе лічбу 200. Паранена больш як 1100.

Палестынскія СМІ з спасылкай на Міністэрства аховы здароўя Палестыны паведамілі пра 232 забітых і 1610 пацярпелых.

20:15 – Па Ізраілі нанесены новы ракетны ўдар з боку сэктару Газа. У Тэль Авіве і іншых гарадах гучаць сырэны. Паведамляецца, што па паўднёвых і цэнтральных раёнах краіны выпушчана каля 150 ракет. У ХАМАС заявілі, што гаворка ідзе аб адказе на бамбаваньне дзьвюх вежаў у цэнтры Газы. Паведамляецца, што некалькі ракет разарваліся ў межах ізраільскіх гарадоў. У ізраільскіх тэлеграм-каналах паведамляюць, што адна з ракет патрапіла ў жылы дом у Тэль-Авіве.

19:50 – Міністар энэргетыкі Ізраілю падпісаў распараджэньне спыіць пастаўкі электраэнэргіі ў сэктар Газа.

19:45 – Прадстаўнікі ХАМАС заявілі, што групоўка захапіла ў палон «дзясяткі» ізраільскіх вайскоўцаў, сярод якіх ёсьць афіцэры. Пра колькасьць узятых у закладнікі цывільных не паведамляецца.

Кіраўнік палітбюро ХАМАС Ісмаіл Ханія пацьвердзіў, што адной з мэтаў раптоўнага нападу на Ізраіль стала вызваленьне палестынцаў, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах. У турмах Ізраілю некалькі тысяч удзельнікаў палестынскіх груповак.

18:30 — Ізраіль нанес удары па шматпавярховых будынках у сэктары Газа. Армія абароны Ізраілю заявіла, што зьнішчальнікі атакавалі будынкі, якімі карысталіся члены палестынскай групоўкі «Хамас» для правядзеньня тэрарыстычных апэрацый. У палестынскіх СМІ пішуць, што ў тых будынках былі жылыя кватэры. Як цьвердзіць Ізраіль, у Газе ХАМАС наўмысна разьмяшчае свае штабы ў цэнтрах пражываньня цывільнага насельніцтва. ЦАХАЛ кажа, што загадзя папярэдзіў жыхароў будынка і папрасіў іх эвакуявацца.

У адказ ХАМАС прыгразіў запусьціць ракеты па Тэль-Авіве.

Тым часам, міністэрства аховы здароўя Палестыны заявіла аб 198 загінуўшых і 1610 параненых у сэктары Газа.

Армія абароны Ізраілю пацьвердзіла, што яе вайскоўцы вядуць баі ў 22 кропках уздоўж мяжы з сэктарам Газа. У двух выпадках армія праводзіць апэрацыі па вызваленьні закладнікаў.

17:15Баевікі «ХАМАС» атакавалі больш як 50 пазыцый Ізраіля, яшчэ на 25 да гэтага часу вядуцца баі, вынікае з заявы «ХАМАС».

Тым часам у паліцыі Ізраілю заяўляюць, што ў краіну праніклі 200-300 баевікоў «ХАМАС», дзясяткі зь іх па-ранейшаму хаваюцца на ізраільскай тэрыторыі, паведамляе газэта Haaretz.

16:20Мальта ініцыюе экстранае пасяджэньне Рады бясьпекі ААН у сувязі з атакай на Ізраіль.

Паводле двпляматычнай крыніцы Reuters, пасяджэньне будзе скліканае ў нядзелю.

16:40 — Жыхары палестынскіх тэрыторыяў уцякаюць ад мяжы з Ізраілем

Сама меней 160 чалавек загінулі і каля 930 пацярпелі ў выніку ўдараў па сэктары Газа, паведаміла міністэрства аховы здароўя Палестынскай аўтаноміі. У міністэрстве раней заявілі, што пад удар трапіў шпіталь на поўначы сэктару Газа.

Карэспандэнт агенцтва Франс прэс перадае, што ў сэктары Газа сотні жыхароў з рэчамі і запасамі ежы зьяжджаюць з раёнаў, прылеглых да мяжы з Ізраілем, асьцерагаючыся ўдараў у адказ ізраільскай арміі.

Пол Адамс, аглядальнік Бі-Бі-Сі: «Цывільнае насельніцтва зараз рыхтуецца да непазьбежнага адказу Ізраіля. Удары з паветра па Газе – толькі пачатак. Жыхары тэрыторыі ведаюць, што будзе, яны бачылі ўсё гэта ўжо шмат разоў. Але зараз у Ізраілі загаварылі аб зьнішчэньні ХАМАС дашчэнту і ўсе разумеюць, што наступныя дні і тыдні будуць вельмі цяжкімі».

16:00 Ynet піша, што ХАМАС захапіў 35 чалавек, у тым ліку ізраільскіх салдат, і вывез іх у сэктар Газа. Як паведаміў тэлеканал «Аль-Арабія», прадстаўнікі Ізраіля і палестынскіх груповак пачалі перамовы наконт закладнікаў.

Таксама ХАМАС публікуе відэа, як сьцьвярджаецца, з нападам на ізраільскі танк Merkava.

14:20 — Паводле апошніх зьвестак, у Ізраілі загінуліяк найменш 100 чалавек

Яшчэ каля 900 ізраільцян атрымалі раненьні.

Колькасць закладнікаў пакуль невядомая. Захопленыя целы забітых, у тым ліку ізраільскіх вайскоўцаў.

13.30 — На ўсёй тэрыторыі Ізраілю ўвялі надзвычайнае становішча

Міністар нацыянальнай бясьпекі Ізраілю Ітамар Бэн-Гвір аб'явіў аб увядзеньні рэжыму надзвычайнага становішча на ўсёй тэрыторыі краіны

Гэта дасьць паліцыі дадатковыя паўнамоцтвы. Таксама аб'яўлены заклік добраахвотнікаў-паліцэйскіх.

12:47 — Пашкоджаная другая найбуйнейшая электрастанцыя Ізраіля

Ізраільскія Тэлеграм-каналы паведамляюць аб трапляньні снарада па электрастанцыі Rutenberg на міжземнаморскім узьбярэжжы ў Ашкелоне ў выніку ракетных нападаў з сэктара Газа з боку ісламісцкіх арганізацый.

12:30 — Паводле папярэдніх дадзеных, некалькі дзясяткаў узброеных чальцоў ХАМАС і «Ісламскага джыхаду» ўсё яшчэ застаюцца не тэрыторыі Ізраілю. Баі зь імі працягваюцца. Як мяркуецца, джыхадысты ўжо пакінулі Сдэрот, але па-ранейшаму знаходзяцца ў некалькіх населеных пунктах.

11:45 — Новыя зьвесткі пра загінулых і параненых

Сама меней 22 ізраільцяніны загінулі падчас ваенных дзеяньняў на поўдні Ізраіля, паведаміла служба хуткай дапамогі Magen David Adom, піша The Times of Israel. Служба хуткай дапамогі таксама паведамляе, што перавозіць частку пацыентаў з поўдня Ізраіля ў цэнтар краіны.

З пачатку баявых дзеяньняў у бальніцы даставілі 545 параненых ізраільцян, 70 зь іх у цяжкім стане, паведамляе радыё Kan.

Палестынскае агенцтва WAFA паведамляе пра пяць загінулых у сэктары Газа, сярод іх — журналіст Мухамад Аль-Салхі.

Дым пасьля ізраільскіх удараў у сэктары Газа, 7 кастрычніка 2023 году

11:40 — Кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас заявіў, што палестынскі народ мае права на абарону ад «акупацыйных войскаў». Словы Абаса прыводзіць агенцтва Reuters.

11:10 — Паводле дзяржаўных СМІ Ізраілю, вайсковае камандаваньне сьцягвае вайскоўцаў і тэхніку ў паўднёвыя раёны краіны.

11.33 — Інфармацыі пра пацярпелых у Ізраілі беларусаў няма
МЗС Беларусі паведаміла, што па стане на 11.33 раніцы 7 кастрычніка інфармацыі аб пацярпелых у Ізраілі грамадзянах Беларусі не паступала. Амбасада ў Тэль-Авіве маніторыць сытуацыю. Тэлефон для экстранай сувязі: +972 50 521 48 19
10.40 — «Мы знаходзімся ў стане вайны, і мы пераможам!», — заявіў прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньяху, перадае дзяржаўнае радыё Kan.
10.36 — Апублікаванае яшчэ адно відэа з ізраільскімі закладнікамі, якіх вязуць у кузаве пікапа па вуліцах Газы.
10:20 — Эўразьвяз выказаў салідарнасьць з Ізраілем

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што Брусэль з трывогай сочыць за падзеямі ў Ізраілі. «Мы адназначна асуджаем напады ХАМАС», — напісаў Бурэль у твітары.

10:16 — Ізраільскія СМІ паведамляюць пра масіраваны абстрэл Ерусаліма і прыгарадаў.

10:00 — Забіты прадстаўнік мясцовых ізраільскіх уладаў. Больш за сотню пацярпелых, ёсьць загінулыя

Кіраўнік рэгіянальнай рады ў Паўднёвай акрузе Ізраілю Шаар ха-Негеў загінуў у перастрэлцы з узброенымі людзьмі.

У выніку прамога трапляньня ракеты ў ізраільскім раёне Гдэрот загінула жанчына ва ўзросьце каля 60 гадоў. Мэр бедуінскага пасёлка Кусейфе паведаміў пра чатырох забітых у выніку абстрэлу.

Times of Israel са спасылкай на супрацоўнікаў бальніц піша пра больш за 100 пацярпелых з прычыны абстрэлаў на поўдні і ў цэнтры Ізраілю, некаторыя зь іх знаходзяцца ў крытычным стане. Адна з ізраільскіх бальніц паведамляе пра 80 пацярпелых.

Жыхар сэктару Газа на фоне палаючага ізраільскага танка, 7 кастрычніка 2023 году

09:30 — Першая заява Мінабароны Ізраілю

У першай афіцыйнай заяве аб тым, што здарылася з боку ізраільскіх уладаў, міністар абароны Ізраілю Ёаў Галант сказаў, што «ХАМАС зьдзейсьніў сур’ёзную памылку, пачаўшы вайну супраць дзяржавы Ізраіль». Ён дадаў, што Ізраіль «выйграе гэтую вайну».

08:40 — Ізраільскае войска аб’явіла пра «стан гатоўнасьці да вайны»

Армія абароны Ізраілю ўпершыню за 50 гадоў абʼявіла ў краіне стан гатоўнасьці вайны. Ведамства сьцьвярджае, што зафіксавала больш за 2200 запускаў ракет па тэрыторыі Ізраілю.

Міністар абароны Ізраілю Ёаў Галант ухваліў маштабны прызыў рэзэрвістаў у войска і абвясьціў надзвычайную сытуацыю ў радыюсе 80 кілямэтраў ад сэктара Газа — у яе трапляе Тэль-Авіў. Статус дазволіць вайскоўцам абмяжоўваць сходы грамадзян і перакрываць раёны.

Паводле лідэра ХАМАС, па тэрыторыі Ізраілю было выпушчана больш за 5 тысяч ракет.

Сырэны гучаць у многіх гарадах, паведамляецца аб трапляньні ракеты ў будынак у Тэль-Авіве.

Паводле прэс-сакратара ізраільскага войска, чальцы групоўкі ХАМАС пракраліся ў Ізраіль з сушы, моры і паветра. Паводле яго, цяпер сама меней у сямі месцах вядуцца баі паміж ізраільскімі вайскоўцамі і ХАМАС.

07:30 чальцы радыкальнай групоўкі ХАМАС праніклі ў ізраільскія населеныя пункты на мяжы з сэктарам Газа. Загінулі некалькі ізраільцян

Ізраільскае войска паведаміла аб пранікненьні чальцоў ХАМАС у некалькі населеных пунктаў на мяжы з сэктарам Газа. Пазьней гэта пацьвердзілі ў самой групоўцы.

Мяркуючы па відэа, разьмешчаным у сацыяльных сетках, у горадзе ідзе перастрэлка. Паводле непацьверджаных зьвестак, там загінулі яшчэ сем чалавек: іх застрэлілі на аўтобусным прыпынку. На адным з ролікаў — сьцьвярджаецца, што відэа зьнятае ў Сдэроце — узброеныя людзі ў пікапе абстрэльваюць паліцэйскую машыну.

Таксама ХАМАС апублікаваў відэа з закладнікамі: як сьцьвярджаецца, з ізраільскімі вайскоўцамі, вывезенымі ў Газу. Ізраільскае войска пакуль не камэнтавала выкраданьні.

Баявая групоўка ХАМАС абʼявіла аб пачатку новай апэрацыі супраць Ізраілю. У якасьці яе прычыны камандаваньне групоўкі назвала «помсту за апаганеньне Ізраілем мячэці Аль-Акса ў Іерусаліме».