У Гомлі шукаюць трох мужчын. Верагодна, падазраваных у выбуху пад Менскам

Беларуская чыгунка. Ілюстрацыйнае фота.

Паведамленьні пра іх пошук з раніцы 6 кастрычніка даслалі ў працоўны чат супрацоўнікаў аўтапарку № 1, расказаў «Зеркалу» чытач. Увечары гэтыя ж фатаздымкі зьявіліся ў тэлеграм-канале Гомельскага аддзяленьня Беларускай чыгункі.

У чат супрацоўнікаў аўтапарку фатаграфіі мужчын даслалі з подпісам «Высьвятляецца месцазнаходжаньне пазначаных асоб» і з просьбай тэлефанаваць 112. Зь якой мэтай мужчын шукаюць, супрацоўнікам аўтапарку не патлумачылі.

— Мінулым разам, пасьля выбуху самалёта [у Мачулішчах], было тое ж самае, — дадаў чытач.

У 17.15 гэтая ж абвестка зьявілася ў тэлеграм-канале Гомельскага аддзяленьня Беларускай чыгункі. Аўтары просяць тых, хто раптам убачыць гэтых людзей, «неадкладна зьвязацца праз тэлефон 102 або паведаміць намесьніку начальніка аддзяленьня чыгункі Прусу Міхаілу Юльевічу».

Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» са спасылкай на свае дадзеныя піша, што «з самай раніцы абвешчаныя ў вышук па ўсёй краіне некалькі мужчын, якія могуць мець дачыненьне да выбуху на ст. Азярышча».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» паведаміла аб выбуху на чыгунцы пад Менскам. Што сказалі ў дзяржструктурах

Пра тое, што цяпер у Беларусі шукаюць трох мужчын, якія падазраюцца ў выбухах на станцыі Азярышча, «Зеркалу» расказаў і прадстаўнік BYPOL Аляксандар Азараў. Паводле яго слоў, па ўсіх сілавых структурах разасланыя арыенціроўкі на трох мужчын і аўтамабіль, на якім яны перамяшчаліся.

Па дадзеных BELPOL ад крыніц унутры краіны, сёньня ўначы сілавікі будуць узмоцнена ахоўваць чыгунку.

— Супрацоўнікі міліцыі ўсіх падразьдзяленьняў заступаюць дзяжурыць з аўтаматамі, — заявіў адзін з прадстаўнікоў BELPOL Мацьвей Купрэйчык.

Уначы 5 кастрычніка пад Менскам у раёне Калодзішчаў мясцовыя жыхары чулі моцны выбух. Відавочцы казалі, што ў той момант у дамах трэсьліся вокны. Раніцай 6 кастрычніка жыхары вайсковага гарадка ва Ўруччы расказвалі, што па раёне ходзяць сьледчыя і апытваюць людзей наконт тэракту на чыгуначнай станцыі Азярышча.

Афіцыйных камэнтароў наконт здарэньня на вечар 6 кастрычніка не было. У МНС, Беларускай чыгунцы, Мінабароны, куды журналістка «Зеркала» патэлефанавала як усхваляваная грамадзянка, сытуацыю ніяк не патлумачылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас былі „свае“ міліцыянты і камітэтчыкі». «Рэйкавы партызан» пра блякаваньне шляхоў і кансьпірацыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думалі, што іх цягнікі будуць кідаць пад адхон». Як беларускія партызаны на тыдзень спынілі расейскія эшалёны