На станцыі Азярышча пад Менскам бліжэй да поўначы 5 кастрычніка адбыўся выбух.
Паводле папярэдняй інфармацыі «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі», пашкоджаны ўчастак чыгункі і стрэлачнага пераводу, якія злучаюць станцыйныя шляхі з пагрузачна-разгрузачнымі пунктамі. Гэтыя інжынэрныя збудаваньні на станцыі Азярышча пэрыядычна выкарыстоўваюць для правядзеньня пагрузачна-разгрузачных работ з вайсковай тэхнікай.
Азярышча зьяўляецца асноўнай станцыяй, на якой ажыцьцяўляецца пагрузка вайсковай тэхнікі ў раёне Менску. Побач са станцыяй знаходзяцца 120-я і 127-я брыгады сувязі, а таксама 56-й полк сувязі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супольнасьць чыгуначнікаў» паведаміла пра звальненьне тысячы чалавек зь Беларускай чыгункіУ «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі» паведамілі, што ад станцыі Азярышча ў кірунку Воршы знаходзяцца станцыі Калодзішчы і Гарадзішча, да якой прымыкае адгалінаваньне ў вайсковую частку № 42776. Станцыя Калодзішчы асобным шляхам злучаецца са станцыяй Шабаны, што стварае маршрут абыходу Менску пры маршруце Ворша — Берасьце і ў адваротным кірунку.
Гэты абыход актыўна выкарыстоўваецца для павышэньня схаванасьці і сакрэтнасьці пры ажыцьцяўленьні вайсковых перавозак расейскай тэхнікі, боепрыпасаў і кантынгенту ў кірунку Баранавічаў і Лунінца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская чыгунка ўзмацніла захады бясьпекі пасьля падрываў цягнікоў на БраншчынеЖурналісты выданьня «Зеркало» пад выглядам занепакоеных жыхароў патэлефанавалі ў Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і Міністэрства абароны, каб высьветліць падрабязнасьці падзеі.
Дзяжурны Менскага гарадзкога ўпраўленьня МНС паведаміў, што «усё добра і гэта адбываюцца вучэньні».
У прыёмнай міністра абароны Беларусі пераконвалі, што інфармацыя аб выбуху – чуткі і параілі слухаць афіцыйную інфармацыю.
У даведцы Беларускай чыгункі паведамілі, што аб інцыдэнце таксама нічога ня чулі. «На цяперашні момант такой інфармацыі мы ня маем, і спазьненьняў па гэтым участку таксама няма», – адзначылі ў Беларускай чыгунцы.
Афіцыйных камэнтароў гэтых ведамстваў дагэтуль няма.