Ад 6 кастрычніка неба над Варшавай будзе абараняць амэрыканская сыстэма Patriot, польскія вайскоўцы пачынаюць баявое дзяжурства.
Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак назваў гэтую падзею гістарычнай і наватарскай.
«Першы раз у гісторыі Варшава атрымлівае супрацьракетную абарону на базе вельмі сучаснага абсталяваньня, думаю, самага сучаснага ў сьвеце — сыстэмы Patriot»,— сказаў міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак.
Паводле яго слоў, гэта чарговы этап разьвіцьця супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, якую Польшча рэалізуе ў супрацоўніцтве з ЗША і Вялікай Брытаніяй.
Міністар абароны Польшчы паведаміў, што салдаты супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны і войскаў радыётэхнічнай абароны за сваю службу будуць атрымліваць надбаўкі да зарплаты.
- Польшча занепакоеная сваёй бясьпекай з прычыны поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якое доўжыцца больш за паўтара года.
- Варшава ініцыявала маштабнае пераўзбраеньне свайго войска і істотна павялічвае выдаткі на абарону.