Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла, што 18 акрэдытаваных у Менску замежных амбасадараў наведалі Наваполацк і азнаёміліся з умовамі знаходжаньня ўкраінскіх дзяцей у беларускіх аздараўленчых цэнтрах.
Дыпляматы заходніх краін ад гэтай паездкі адмовіліся і выказалі зьдзіўленьне. што беларускі бок не запрасіў украінскіх дыпляматаў, якія самыя зацікаўленыя ў праблеме.
«Замежныя дыпляматы смаглі самі пераканацца ў шчырасьці і выключна добрых намерах беларускага боку ў памкненьні надаць усебаковае гуманітарнае садзейнічаньне дзецям з пацярпелых раёнаў. Дыпляматычнаму корпусу надалі падрабязную інфармацыю аб дэталях знаходжаньня дзяцей у Беларусі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Беларусі.
Паводле МЗС, замежныя дыпляматы змаглі паразмаўляць зь дзецьмі, наведаць адукацыйную ўстанову, дзе яны навучаюцца разам зь беларускімі дзецьмі, а таксама Наваполацкую цэнтральную лякарню, дзе яны праходзілі абсьледаваньне.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі падкрэсьлілі, што «прыезд кожнага дзіцяці ў Беларусь магчымы выключна пры наяўнасьці пісьмовай згоды ягоных бацькоў або законных прадстаўнікоў і ажыцьцяўляецца ў суправаджэньні дарослых упаўнаважаных».
«Адмова дыпляматаў шэрагу краін ад наведваньня Наваполацка толькі пацьвердзіла палітычна матываваны і неабгрунтаваны характар чутак, домыслаў і абвінавачаньняў у гвалтоўным характары знаходжаньня або перамяшчэньня дзяцей у Беларусі, а таксама адсутнасьць найменшага жаданьня аб’ектыўна разабрацца ў сытуацыі», — адзначаецца ў паведамленьні.
Менск у чарговы раз катэгарычна адкінуў усе абвінавачаньні ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.
У якасьці пацьвярджэньня добраахвотнага знаходжаньня ўкраінскіх дзяцей у Беларусі дзяржаўнае агенцтва БелТА апублікавала рэпартаж аб знаходжаньні ўкраінскіх дзяцей у Наваполацку і іхныя выказваньні аб тым, як ім падабаецца ў Беларусі.
У МЗС Беларусі не ўдакладнілі краіны, дыпляматы якіх наведалі Наваполацк. Вядома, што эўрапейскія дыпляматы адмовіліся ад паездкі да ўкраінскіх дзяцей, якіх прывезьлі ў Беларусь з часова акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскія дыпляматы адмовіліся ехаць у беларускія санаторыі да вывезеных з Данбасу ўкраінскіх дзяцей, а амбасаду Ўкраіны і не запрашаліУ Кіеве гэтую паездку дыпляматаў расцанілі як жаданьне Беларусі легалізаваць незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных Расеяй тэрыторый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС пераконвалі замежных дыпляматаў, што законна вывозяць украінскіх дзяцей у Беларусь. Дыпляматы ў адказ нагадалі пра ордэр з Гаагі- У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, у пэрыяд зь верасьня 2022 году па цяперашні час у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.
- 18 ліпеня аўтары дакладу Эўрапарлямэнту заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны.
- Кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.
- 19 ліпеня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на арышт генэральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова.
- 27 ліпеня ў Радзе Бясьпекі ААН заявілі, што Расея вывезла ў Беларусь пад выглядам «аздараўленьня» 3 тысячы ўкраінскіх дзяцей. Сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісьліца заявіў, што з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня Расея толькі з Данецкай і Луганскай абласьцей вывезла ў Беларусь пад выглядам «аздараўленьня» тры тысячы ўкраінскіх дзяцей.
- 13 верасьня Эўрапарлямэнт заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю «Аб дачыненьнях зь Беларусьсю», якая прызнае Аляксандра Лукашэнку саўдзельнікам злачынстваў Расеі ва Ўкраіне. У рэзалюцыі адзначаецца, што, «дазволіўшы неапраўданую агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны, рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам злачынстваў, што прадугледжвае адказнасьць за разбурэньні і шкоду, прычыненую Ўкраіне».