Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас выступленьня на форуме «Валдай», паведамляе ТАСС.
«Я ведаю, напэўна вісіць у паветры пытаньне, а што здарылася з кіраўніцтвам кампаніі. Мы ведаем аб авіякатастрофе, мне кіраўнік Сьледчага камітэту (СК) дакладваў літаральна днямі. У целах загінулых пры авіякатастрофе выяўлены фрагмэнты ручных гранатаў. Вонкавага ўзьдзеяньня на самалёт не было, гэта ўжо ўсталяваны факт, вынік экспэртызы, праведзенай СК РФ», — сказаў Пуцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўпершыню выказаўся пра імаверную сьмерць Прыгожына і заявіў, што вагнэраўцы застануцца ў БеларусіЁн адзначыў, што экспэртызы на наяўнасьць алькаголю і наркотыкаў у целах загінулых у самалёце не было, хаця яе варта было б правесьці. Пуцін таксама паведаміў, што ў офісе кампаніі Прыгожына ў Пецярбургу былі знойдзеныя 10 млрд рублёў (прыкладна 10 мільёнаў даляраў) гатоўкай і 5 кіляграмаў какаіну.
«Вось, тое, што ёсьць, я вам сказаў. Я вам хачу сказаць, я задаў пытаньне старшыні СК, ці можна пра гэта сказаць публічна. Ён кажа, так, можна, гэта ўсталяваны факт», — падсумаваў прэзыдэнт Расеі.
23 жніўня ў Цьвярской вобласьці ўпаў прыватны самалёт, якім карыстаўся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын. Усе дзесяць чалавек, якія былі на борце загінулі.
Сярод пасажыраў былі сам Яўгеній Прыгожын, камандзір ПВК Дзьмітрый Уткін (пазыўны «Вагнэр»), а таксама іншыя камандзіры і найміты ПВК «Вагнэр».
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.